Макей: У 2019 годзе неабходна нарасціць „крытычную масу”



У 2019 годзе Беларусі неабходна нарасціць „крытычную масу” прыхільнікаў арганізацыі прапанаванага Аляксандрам Лукашэнкам новага міратворчага працэсу ў Еўропе паводле прыкладу Хельсінкскага, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 20 лютага на пашыраным пасяджэнні калегіі МЗС у Менску.

„У 2019 годзе нам трэба нарасціць „крытычную масу” прыхільнікаў гэтай ідэі”, — сказаў міністр. Паводле яго слоў, у гэтым неабходна зацікавіць палітычныя эліты, грамадскасць і экспертную супольнасць.

Мінулы год для знешняй палітыкі і знешнеэканамічнай дзейнасці, падкрэсліў Макей, быў напружаным, але выніковым. „У няпростых знешніх умовах нашай краіне ўдалося вытрымаць курс на забеспячэнне суверэнітэту, правядзенне ўзважанай шматвектарнай палітыкі, развіццё інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы, дыверсіфікацыю знешняга гандлю, умацаванне бяспекі не толькі ў рэгіянальным, але і глабальным маштабах”, — дадаў ён.

Паводле слоў кіраўніка МЗС, Беларусь у 2018 годзе ўмацоўвала адносіны з Расеяй, а таксама на еўраатлантычным вектары.

belapan.by