Макей возьме ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы



Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прыме ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая адбудзецца 16—18 лютага. Пра гэта паведаміў на брыфінгу ў Менску 15 лютага прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

Асноўнымі пытаннямі на канферэнцыі стануць перспектывы еўрапейскай архітэктуры бяспекі, барацьбы з тэрарызмам, актуальныя міжнародныя канфлікты, а таксама праблематыка бяспекі ў сферах энергетыкі і аховы здароўя, кібербяспекі„, — пералічыў Мірончык.

Паводле яго слоў, плануецца сустрэча міністра з арганізатарамі Мюнхенскай канферэнцыі. „Прадугледжваецца абмеркаванне шырокага спектру пытанняў, у тым ліку беларускіх ініцыятыў па ўмацаванні міжнароднай бяспекі”, — дадаў прэс-сакратар.

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы праводзіцца з 1963 года і з’яўляецца адным з найбольш прадстаўнічых і аўтарытэтных сусветных форумаў у галіне палітыкі бяспекі і супрацоўніцтва ў ваенна-палітычнай сферы.  БелаПАН