Макей заклікае прыцягнуць Расею да “Усходняга партнёрства”
“Расею трэба прыцягнуць да праграмы «Усходняе пратнёрства»,” – заяўляе міністр замежных спраў Беларсі Уладзімір Макей.
На сустрэчы кіраўнікоў дыпламатыі краін-удзельніц праграмы Еўразвязу ў Бруселі ён падкрэсліў, што Расею неабходна ўцягнуць у дзейнасць «Усходняга партнёрства» для таго, каб не дапусціць «з’яўлення новых абмежаванняў у рэгіёне».
Чаму якраз цяпер кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства робіць такія заявы? Кажа палітолаг Віктар Марціновіч:
– Уся знешняя палітыка Беларусі спрабуе рэзка схіліцца да Еўропы і пры гэтым знайсці нейкія лагічныя, рытарычныя і моўныя масткі, якія б дазволілі выглядаць так, як быццам улады не ў бок Захада крочаць, а будуюць нейкае інтэркантынентальнае партнёрства з удзелам Расеі.
Спрабаваць замірыць Расею з Украінай шляхам уцягнення Расеі ва «Усходняе партнёрства» гучыць як анекдот – адзначае Віктар Марціновіч. Аднак заўважае, што еўрапейскія чыноўнікі цалкам усур’ёз прымаюць выказванні беларускага боку:
-У мяне ёсць адчуванне, што яны ўспрымаюць гульню, якая зараз распачата Менскам, усур’ёз. Распачата нейкая праграма ўзнаўлення дыялогу, ізноў пачаўся гандаль палітзняволенымі. Таму ўсё, што сказана афіцыйным Менскам, успрымаецца як нейкая стратэгія да зменаў, да лібералізацыі. Яны не смяюцца, здаецца, з гэтага.
Такім чынам афіцыйны Менск тлумачыць Расеі, чым ён у Бруселі займаецца, мяркуе Віктар Марціновіч. Ён спрабуе рабіць выгляд, што прысутнічае там не дзеля таго, каб узнавіць заходні вектар, а каб дапамагчы Расеі выйсці з той пасткі, у якой яна апынулася – дадае палітолаг.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
Фота eurobelarus.info