Макей заклікаў захаваць цэласнасць Усходняга партнёрства



Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей выклаў падыходы Беларусі да далейшага развіцця Усходняга партнёрства і развіцця адносін з Еўразвязам.

Выступаючы на пленарным пасяджэнні ў межах сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЕС і Усходняга партнёрства 23 мая ў Бруселі, Макей „пазітыўна ацаніў карэкціроўку рэалізацыі Усходняга партнёрства з улікам рашэнняў Рыжскага саміту УП 2015 года і ў кантэксце перагляду Еўрапейскай палітыкі суседства”. Беларускі міністр „прывітаў большы акцэнт на дыферэнцыяцыю, стабілізацыю і эканамічнае развіццё”, паведамляе прэс-служба МЗС.

Адначасова Макей заклікаў захаваць цэласнасць Усходняга партнёрства і не дапусціць з’яўлення новых ліній падзелу ў рэгіёне. Ён таксама выказаўся на карысць рэгіянальных праектаў, якія спрыялі б развіццю гандлю, прыцягненню інвестыцый, павышэнню транзітных магчымасцяў, вырашэнню экалагічных і міграцыйных пытанняў.

Макей лічыць мэтазгодным пачаць кансультацыі па вызначэнні фармату і аб’ёму будучага базавага пагаднення паміж Беларуссю і Еўразвязам.

Падчас візіту ў Брусель кіраўнік МЗС Беларусі сустрэўся з кіраўніцтвам еўраструктураў, міністрамі замежных спраў краін — членаў ЕЗ і краін — партнёраў УП. Адбыліся перамовы з намеснікам старшыні Еўракамісіі — еўракамісарам па Энергетычным саюзе Марашам Шэўчавічам, у межах якіх абмяркоўваліся перспектывы развіцця энергетычнага дыялогу і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕЗ. Макей падрабязна праінфармаваў кіраўніцтва Еўракамісіі аб мерах, якія прымаюцца Беларуссю для арганізацыі бяспекі Беларускай АЭС, што будуецца ў Астраўцы, у адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі і стандартамі, паведамляе прэс-служба МЗС.