Макей: Замена паслоў у Літве і Францыі — планавая ратацыя
Нядаўняе прызначэнне Аляксандрам Лукашэнкам новых паслоў Беларусі ў Літве і Францыі з’яўляецца планавай ратацыяй дыпламатычных работнікаў, заявіў БелаПАН міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
„Вядома, гэта планавая ратацыя. Яны прабылі ўжо па пяць-шэсць гадоў. У нас ёсць дакладнае правіла, што па сканчэнні чатырох-пяці гадоў паслы падлягаюць ратацыі, таму што мы павінны пракручваць праз замежныя ўстановы і супрацоўнікаў цэнтральнага апарату. Мы павінны гадаваць замену кіраўнікам замежных устаноў”, — адзначыў міністр.
Макей выказаў меркаванне, што камусьці з дыпламатаў хацелася б даўжэй застацца ў той ці іншай краіне. „Але ёсць выразная ўстаноўка: трэба, каб чалавек, папрацаваўшы пэўны час за мяжой, не страціў сувязі з радзімай, вярнуўся, папрацаваў некаторы час тут, у Беларусі, перш чым зноў ехаць у нейкую іншую краіну. Але ўжо, калі ён пабываў дзесьці ў еўрапейскай краіне, можа быць, прапанаваць яму менш развітую краіну, адправіць у больш складаны рэгіён”, — растлумачыў кіраўнік МЗС.
15 студзеня Лукашэнка прызначыў новага пасла Беларусі ў Францыі — ім стаў Ігар Фісенка, які да гэтага займаў пасаду начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў. Фісенка таксама прызначаны па сумяшчальніцтве пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЕСКА. Пры прызначэнні новага пасла Лукашэнка заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні кантактаў з Францыяй.
Больш за шэсць гадоў паслом у Францыі і пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЕСКА працаваў Павел Латушка, былы міністр культуры, былы пасол у Польшчы і былы прэс-сакратар МЗС. Прызначаючы Латушку паслом у Францыю ў лістападзе 2012 года, Лукашэнка сцвярджаў, што той сам выказаў жаданне вярнуцца на дыпламатычную працу.
Паслом у Літве прызначаны Валерый Бараноўскі, які працаваў начальнікам упраўлення знешняй палітыкі Адміністрацыі прэзідэнта. Папярэдні пасол у Вільнюсе Аляксандр Кароль займаў гэтую пасаду са снежня 2013 года.
belapan.by