Макей заявіў аб прапанове негалосных кантактаў ад Еўразвяза



Міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што Еўразвяз шукае кантактаў з афіцыйным Менскам, але загнаў сябе ў кут і не можа пайсці на адкрыты дыялог. Паводле яго слоў, кіраўніцтва Беларусі ніколі не адмаўлялася ад добрых паслуг, але не вітае ідэю пасярэдніцтва, у тым ліку па пытанні міграцыйнага крызісу.

“Праблема не ў Беларусі. Праблема знаходзіцца на баку Еўрапейскага звяза, таму што мы бачым і перакананыя ў тым, што ў Еўрапейскага звяза няма ніякай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі», – сказаў Макей на прэс-канферэнцыі ў Маскве па выніках сумеснага паседжання калегій МЗС Беларусі і Расеі.

Паводле яго слоў, Еўразвяз спрабуе пакараць „непакорлівую” Беларусь, якая мае альтэрнатыўныя погляды, і зрабіў крокі, якія з’яўляюцца недапушчальнымі, бо з’яўляюцца прыкладам для трэціх краін.

«Я маю на ўвазе сітуацыю са змушанай пасадкай самалёт Ryanair, сітуацыю з міграцыяй. Для іх, для еўрапейцаў, для прадстаўнікоў Еўрапейскага звяза гэтыя факты з’яўляюцца нібыта доказам таго, што падобныя дзеянні могуць быць здзейснены іншымі краінамі і з’яўляцца такім нядобрым прыкладам. Менавіта таму яны імкнуцца пакараць Беларусь,» – сказаў Макей.

Ён назваў такі падыход непрымальным, дыялог мусіць быць у любым выпадку. На думку Макея, Еўразвяз загнаў сябе ў кут, назваўшы беларускую ўладу нелегітымнай, і цяпер не ведае, як выйсці.

«Мы атрымліваем пэўныя сігналы, у тым ліку з Бруселя, са сталіц іншых еўрапейскіх дзяржаў пра тое, што трэба выходзіць з гэтага становішча, але мы не ведаем як, таму давайце размаўляць хаця б канфідэнцыйна, недзе ў падвалах, у лясах, але абменьвацца нейкімі мэсыджамі, якія дазволяць нам, нарэшце прыйсці да нармальных узаемаадносін. Мы заўсёды заяўлялі, што гатовы да дыялогу і гатовы праз дыялог вырашаць любыя, у тым ліку складаныя пытанні. Праблема, паўтаруся яшчэ раз, не ў нас. Калі яны не гатовы пайсці на такі крок, ну пачакаем. Я перакананы, што рана ці позна сама сітуацыя прымусіць усе бакі рухацца да таго, каб… і зразумець, што трэба знаходзіць развязкі сітуацыі, якая зараз склалася вакол Беларусі», – сказаў Макей.

Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў дадаў, што Польшча і Літва не звярталіся да РФ за пасрэдніцтвам па міграцыйным крызісе, а „атрымліваюць асалоду ад уласнай крутасці”, абвінавачваючы Беларусь і Расею. Ён заявіў, што Менск прапанаваў праводзіць кансультацыі і дамаўляцца аб рашэнні сітуацыі.

reform.by