Макрон пацвердзіў сустрэчу з Ціханоўскай
Эмануэль Макрон на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе пацвердзіў сустрэчу са Святланай Ціханоўскай. Перамовы пройдуць 29 верасня. У Літву прэзідэнт Францыі прыбыў сёння ўвечары з афіцыйным візітам.
Паводле слоў Макрона, ён мае намер, у прыватнасці, пацвердзіць сваю пазіцыю аб непрызнанні афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і падтрымаць Ціханоўскую і беларускіх жанчын, якія выходзяць на пратэсты.
Абмеркаванне шляхоў выйсця з палітычнага крызісу ў Беларусі — адна з галоўных тэм трохдзённага візіту Эманюэля Макрона ў Літву і Латвію. Увечары 28 верасня прэзідэнт Францыі прыбыў у Вільню.
У першай палове дня Макрон узяў удзел у пасяджэнні ўрада краіны, паводле вынікаў якога афіцыйны прадстаўнік кабінета Габрыэль Аталь паведаміў на брыфінгу, што сярод мэтаў візіту „найбольш тэрміновая” — абмеркаванне беларускага пытання. „Як сказаў прэзідэнт, тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта крызіс улады, улады аўтарытарнай, якая не можа прыняць логіку дэмакратыі і трымаецца за кошт сілавых метадаў”, — адзначыў Аталь.
Паводле яго слоў, Макрон сустрэнецца з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай, якая знаходзіцца ў Літве, пры наяўнасці жадання з яе боку.
У нядаўнім інтэрв’ю выданню Le Journal de Dimanche французскі лідар заявіў, што Лукашэнка павінен сысці.
22 верасня на 75-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН Макрон папярэдзіў, што сітуацыя ў Беларусі „нясе пагрозу новага разлому на нашым кантыненце”.
„Мужнасць беларускага народа выклікае ўсеагульнае захапленне, — адзначыў французскі прэзідэнт. — Яго спадзяванні трэба паважаць, і мы іх падтрымліваем усімі сіламі”.
„Неабходны нацыянальны палітычны дыялог, і любое знешняе ўмяшанне недапушчальнае”, — падкрэсліў Макрон.
Ён нагадаў, што разам з канцлерам Германіі Ангелай Меркель, прэзідэнтам Еўрапейскага савета Шарлем Мішэлем вёў перамовы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным і выступаў за пасрэдніцтва, прапанаванае АБСЭ. „Іншага шляху мы не бачым. Не — умяшанню, не — вінаватаму маўчанню”, — заявіў прэзідэнт Францыі.
Аляксандр Лукашэнка адмаўляецца ад пасрэдніцтва Францыі і Еўрасаюза ў цэлым, аддаючы перавагу весці з Еўропай завочны дыялог праз Пуціна.