Макрон дзве гадзіны размаўляў праз тэлефон з Пуціным
Прэзідэнты Францыі і Расеі пагутарылі праз тэлефон. Гэта была першая тэлефонная размова Эмануэля Макрона з Уладзімірам Пуціным з канца сакавіка. Паводле паведамлення Елісейскага палацу, размова доўжылася больш за дзве гадзіны.

Макрон, як паведамляецца на яго афіцыйным сайце, звярнуўся да Пуціна з заклікам забяспечыць далейшую эвакуацыю людзей з заводу „Азоўсталь” у Марыупалі. Пры гэтым Макрон у цэлым зноў запатрабаваў спыніць агонь ва Украіне і выказаў глыбокую занепакоенасць у сувязі з сітуацыяй у Марыупалі і ва ўсім Данбасе.
Прэзідэнт Францыі таксама заявіў, што гатовы разам з міжнароднымі арганізацыямі дамагацца зняцця блакады ўкраінскіх марскіх партоў, каб забяспечыць экспарт сельскагаспадарчых тавараў з Украіны. У Крамлі пацвердзілі, што гэтая тэма абмяркоўвалася. Як гаворыцца на сайце Крамля, Пуцін павіншаваў Макрона з пераабраннем на пасаду прэзідэнта. Як сказана ў паведамленні Крамля, Пуцін паінфармаваў Макрона пра «вызваленне» Марыупалю. Таксама з паведамлення вынікае, што Пуцін заклікаў Захад спыніць пастаўкі Украіне ўзбраенняў.
