Макрон: Лукашэнка павінен сысці
Аляксандр Лукашэнка „павінен сысці”, лічыць прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю Le Journal du Dimanche.
„Тое, што адбываецца ў Беларусі, гэта крызіс аўтарытарнай улады, якая не можа прыняць логіку дэмакратыі і ўтрымліваецца сілай. Ясна, што Лукашэнка павінен сысці”, — цытуе Макрона французскае выданне.
Прэзідэнт Францыі таксама заявіў, што „ўражаны мужнасцю дэманстрантаў” у Беларусі. „Яны ведаюць, на якую рызыку ідуць, наладжваючы шэсці кожныя выхадныя, і тым не менш яны працягваюць рух за дэмакратыю ў гэтай краіне, якая так доўга была пазбаўленая яе”, — дадаў Макрон. Асаблівую павагу, паводле яго слоў, выклікаюць беларускія жанчыны, якія кожную суботу праводзяць мірныя шэсці.
Макрон лічыць, што Расія можа сыграць сваю ролю ў пошуках урэгулявання палітычнага крызісу ў Беларусі. „Я размаўляў з Уладзімірам Пуціным 14 верасня, у дзень, калі ён прымаў Лукашэнку ў Сочы. Я сказаў яму, што Расія павінна адыграць сваю ролю, і гэтая роля можа быць станоўчай, калі яна падштурхне Лукашэнку да прыняцця рэальных вынікаў выбараў і вызвалення палітычных зняволеных”, — заявіў прэзідэнт Францыі.
