Макрон заклікаў вызначыць „чырвоныя лініі” у адносінах з Расеяй
Міжнародная супольнасць павінна вызначыць выразныя „чырвоныя лініі” у адносінах з Расеяй, і ў выпадку любых „непрымальных паводзінаў” Масквы ўвесці супраць яе санкцыі. Пра гэта ў эфіры CBS заявіў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.
У інтэрв’ю праграме Face the Nation Макрон сказаў, што «цалкам падзяляе» жаданне амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна пачаць дыялог з Расеяй. «Я лічу, што санкцый недастаткова саміх па сабе, але яны з’яўляюцца часткай пакета. Я аддаю перавагу канструктыўнаму дыялогу, але для гэтага неабходны аўтарытэт», — адзначыў ён.
Цяпер, па словах французскага прэзідэнта, міжнародная супольнасць прытрымліваецца «наіўнага падыходу», што дало расейскаму боку рашучасць «для ўварвання ў Украіну некалькі гадоў таму». «Гэта не правал дыпламатыі, гэта адмова нашага калектыўнага аўтарытэту ў адносінах да Расеі», — лічыць Макрон.
Увечары 17 красавіка Елісейскі палац паведаміў, што Макрон ў бліжэйшы час мае намер правесці перамовы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Пра гэта было абвешчана па выніках гутаркі французскага лідара з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і канцлерам Германіі Ангелай Меркель. Лідары абмеркавалі «складанасць дасягнення пагаднення па канфлікту на Данбасе, і рызыкі ваеннай эскалацыі».
Раней пра перамовы з Меркель і Макрон распавёў Зяленскі. Як паведамляецца на сайце прэзідэнта Украіны, бакі дамовіліся аб падрыхтоўцы сустрэчы лідэраў краінаў «нармандскай чацвёркі», у якую таксама ўваходзіць Расія.
12 красавіка адміністрацыя Зяленскага папрасіла аб тэлефоннай размове з Пуціным. Украінскі лідар хацеў абмеркаваць абвастрэнне становішча на Данбасе. У Крамлі заявілі, што нічога не ведаюць пра просьбу адміністрацыі Зяленскага. Па словах прэс-сакратара расійскага прэзідэнта Дзмітрыя Пяскова, магчымымі тэмамі для размовы Пуціна і Зяленскага маглі б стаць разрадка напружанасці і прадухіленне патэнцыйнай вайны на ўсходзе Украіны.