Максім Баграцоў: Мы будзем рабіць усё, каб нас зарэгістравалі



За тры дні пасля абвяшчэння Віктарам Бабарыкам пра стварэнне партыі “Разам” заяўкі на ўступленне ў яе падалі больш за чатыры тысячы чалавек, – паведаміў прадстаўнік штаба экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Максім Баграцоў падчас анлайн-стрыму 31 сакавіка.

Ён выказаўся адносна таго, што наўрад ці партыя будзе зарэгістраваная:

– Мы жадаем і мы будзем рабіць усё, каб нас зарэгістравалі. Ёсць закон, канешне, вельмі вузкае прававое поле, і парушаецца рэгулярна ўладамі ў сэнсе правапрымянення. Але мы збіраемся гэта пратэставаць па поўнай праграме, робячы ўсё, як гэта трэба па законе, і патрабуючы рэгістрацыі нашай партыі. У нас ёсць на гэта поўнае права. Навошта з самага пачатку сябе адгаворваць ад таго, што штосьці атрымаецца.

Няма сэнсу хаваць “шыла ў ворку” – кажа Максім Баграцоў, адзначаючы, што колькасць прыхільнікаў Віктара Бабарыкі па-ранейшаму вялікая:

– Мы маем дастаткова людзей, якія падтрымліваюць наш парадак дня. Гэтыя людзі сабраліся разам, таму што яны падтрымлівалі праграму Віктара Дзмітрыевіча як кандыдата ў прэзідэнты. Мы тут, мы нікуды не падзеліся, мы ў Беларусі. Крызіс адбываецца па-ранейшаму, мы жадаем, каб нашголас быў улічаны, мы жадаем гэты голас сабе вярнуць і мы жадаем мець уплыў на тое, што адбываецца ў палітычнай сістэме.

29 сакавіка палітвязень Віктар Бабарыка выступіў са зваротам, у якім заявіў пра неабходнасць стварэння партыі “Разам”. “Нам патрэбная партыя. Але партыя не як сама-мэта, а як найбольш эфектыўны інструмент дасягнення нашай перамогі”, — гаварылася ў звароце Бабарыкі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя