Максім Губарэвіч: Рэпрэсіі будуць толькі ўзмацняцца



Гарадзенскі грамадскі дзеяч, сябра Партыі БНФ Максім Губарэвіч лічыць, што ўзрастанне рэпрэсій сёлета будзе залежыць ад вулічнай актыўнасці:

– Тут усё будзе залежыць ад вулічнай актыўнасці людзей. Калі вулічная актыўнасць будзе працягвацца, будзе нарастаць, нягледзячы на тое, зарэгіструюць дэмакратычных кандыдатаў ці не. Я думаю рэпрэсіі будуць таксама павялічвацца. Калі ўлада на пачатку выбараў баіцца, то далей, я думаю, стан будзе толькі больш нервовы. Што тычацца далейшага сцэнару, калі вулічная актыўнасць будзе збіта, то ўлады паспрабуюць правесці псеўдадэмакратычныя выбары, на якія пакінуць аднаго-двух бяспечных для сябе кандыдатаў. 

Ён упэўнены, што сярод кандыдатаў не будзе ні Віктара Бабарыкі, ні Валерыя Цапкалы:

– Падзеі паказваюць на тое, што ні Бабарыку, ні Цапкалу, ні тым больш Ціханоўскую не зарэгіструюць. На дадзены момант гэта тры кандыдаты, якія прыцягваюць да сябе найбольшую ўвагу, як звычайных людзей, так і наменклатуры, прадстаўнікоў бізнесу, увогуле ўсіх, хто мае пратэстныя настроі. Хутчэй за ўсё будуць зарэгістраваныя кандыдаты з дэмакратычнымі поглядамі, якія знаходзяцца ў другім эшалоне, якія не прыцягваюць такой увагі, не маюць каманды і не змогуць быць тым каталізатарам, дзякуючы якому людзі выйдуць на вуліцу.

Сёлета Максім Губарэвіч не ўдзельнічае ў палітычнай кампаніі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня