Максім Руст: Беларуская контрэліта нараджаецца на нашых вачах



У Дзень беларускай вайсковай славы ўспамінаецца бітвай пад Воршай, калі войскі Вялікага Княства Літоўскага разбілі маскоўскіх інтэрвентаў. Сёння войны набылі гібрыдны характар, але Масква цікавасці да беларускіх земляў так і не згубіла. З гэтай нагоды  мы пагутарылі з варшаўскім палітолагам, рэдактарам часопісу New Eastern Europe Максімам Рустам пра тое, як развіваецца пратэстны рух у Беларусі і якое дачыненне да яго маюць Расея, Польшча і нават Кітай.

 РР: Пачну з вашай цытаты: “Аналіз сітуацыі ў Беларусі ў паліталогіі ўсё часцей патрабуе выкарыстання псіхапаталагічных паняткаў і рамак”. Ці сапраўды цяперашнія дзеянні ўладаў Беларусі знаходзяцца па-за здаровым сэнсам?

Максім Руст: Пра гэта можна было напісаць і раней. Я заўсёды казаў, што ўвогуле ў дзень выбараў, калі яны адбыліся 9 жніўня, тое, што намалявалі гэтыя 80%, гэта ўжо было прыкметай таго, што тут няма нічога агульнага са здаровым сэнсам. Перадусім гэта тое, што ўлада не рэагуе ў адэкватны і рацыянальны спосаб. Дзеянні ўладаў – не рацыянальныя. Яны б былі рацыянальнымі, калі б яны напісалі яшчэ 9 жніўня ці пазней проста меншую колькасць адсоткаў галасоў. Яны б былі рацыянальнымі, калі б адразу не ўжывалі б такую брутальную сілу. Зараз тое, што адбываецца, усё менш і менш рацыянальнае. Галоўнае пытанне ў гэтай псіхалогіі беларускай кіроўнай эліты пазіцыянуецца наступны чынам: ці ўлада, ці тыя, хто сапраўды прымаюць рашэнні, яны глядзяць на сапраўдную сітуацыю, ці яны рэагуюць на сітуацыю ў сваім бачанні, так, як яны яе бачаць.

РР: А як бы вы характарызавалі ўсё тое, што адбываецца ў Беларусі, пачынаючы з 9 жніўня? Гэта ўсё ж такі рэвалюцыя, масавыя пратэсты ці грамадзянская вайна?

Максім Руст: Перадусім гэта яшчэ ніякая не грамадзянская вайна. Таму што, калі ёсць грамадзянская вайна, гэта калі супернічае, альбо ваюе адзін народ, людзі, у якіх розныя погляды. Таму я выступаю супраць такой характарыстыкі, што гэта грамадзянская вайна. Проста грамадзянская супольнасць, якая, як мне падаецца, складае большасць грамадства, хоча зменаў. І ёсць людзі, якія выконваюць загад і яны як бы пацыфікуюць гэтую частку насельніцтва. Гэта самыя масавыя ў найноўшай беларускай гісторыі пратэсты. Але ў гэтых пратэстах і ўвогуле ў гэтай сітуацыі гэтага года я б не казаў толькі пра выбары, гэта і сітуацыя з каронавірусам у Беларусі, яна паўплывала на тое, што рэвалюцыя ў разуменні і грамадскай свядомасці ўжо адбылася. Рэвалюцыя грамадскай свядомасці прывяла менавіта да гэтых масавых пратэстаў.

РР: І вось апошняе паведамленне прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі, аб тым, што ў межах праверкі ў вышэйшую ступень боегатовасці прыведзены тры ваенныя базы – у Гомелі, Менску і Менскай вобласці. І раней мы таксама чулі шмат інфармацыі пра тое, што сцягваюцца сілы на ўсходні напрамак краіны. Да якой жа вайны і з кім рыхтуецца армія Беларусі? Ці гэта проста блеф рэжыму?

Максім Руст: Я думаю, з аднаго боку гэта палітыка, якая скіраваная для псіхічнага добрага самапачуцця самой кіроўнай эліты, у асноўным гэта сам Лукашэнка і яго блізкае атачэнне. Гэта працяг, у прынцыпе, таго, што мы бачылі некалькі дзён таму, калі адбылася ператасоўка кіроўных кадраў беларускіх сілавых структураў. Гэта трэба, каб пацвердзіць іх лаяльнасць для кіроўнага рэжыму. З іншага боку гэта тое, што робіцца каб запалохаць грамадства (тую частку, якая хоча пратэставаць) і паказаць, што армія будзе гатовая ў разе далейшых такіх пратэстаў, такія пратэсты падаўляць. Але таксама гэта вельмі важны псіхалагічны момант, каб паказаць шэраговаму беларускаму грамадзяніну, што ствараецца вобраз такой беларускай дзяржавы, якая бароніцца і паўстае такі вобраз унутранага ворага. Але калі раней гэтым ворагам заўсёды была палітычная апазіцыя, якую стваралі беларускія апазіцыйныя партыі і дэмакратычныя рухі, то зараз адбываецца спроба стварыць вобраз іншага ўнутранага ворага. Але гэта не атрымаецца, таму што такім ворагам была б як мінімум палова беларускага насельніцтва.

Цалкам размова:

 З госцем Рацыі, палітолагам Максімам Рустам размаўляла Вольга Сямашка.