Максім Знак: Маша абараняла ўсіх нас ад крывавых сцэнарыяў будучыні



У сетцы з’явіўся зварот юрыста Максіма Знака ў падтрымку Марыі Калеснікавай, які ён збіраўся запісаць 9 верасня, але перашкодзілі сілавікі, што прыйшлі яго затрымліваць.

Тэкст звароту члена прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Максім Знак здолеў пераслаць паплечнікам падчас вобшуку. Яго зачытала сястра Калеснікавай Таццяна Хоміч.

Відэазварот пачынаецца словамі „Выпускайце нашу Машу”. Максім Знак адзначыў, што 8 верасня на беларуска-ўкраінскай мяжы, дзе „адбылася найвялікшая з гісторый, якая будзе потым у падручніках”, улады для Калеснікавай „не пакінулі іншага выйсця, як парваць і выкінуць свой пашпарт”.

„Гэта вы робіце ўсё для таго, каб пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь хацелася парваць і выкінуць, — гаворыцца ў звароце да беларускіх уладаў. — Таму што якое ён дае права, якую ён дае абарону? Грамадзян Рэспублікі Беларусь збіваюць, катуюць, выкрадаюць, беспадстаўна затрымліваюць. Вы далі Машы пашпарт. Маша паказала, што вы з гэтым пашпартам зрабілі”.

Знак пытаецца ва ўладаў, у чым заключаецца парушэнне Калеснікавай, за што яе затрымалі, і прапануе паглядзець кіеўскую прэс-канферэнцыю прэс-сакратара КР Антона Раднянкова і выканаўчага сакратара рады Івана Краўцова, каб „цалкам разабрацца”, што адбылося на мяжы.

„Я ведаю дакладна, што рабіла Маша, калі яе пакінулі ў спакоі ў камеры, у пакоі, не ведаю, дзе вы яе там трымалі. Я дакладна ведаю, што яна легла спаць. Яна так заўсёды робіць. Яна набіралася сіл, каб быць гатовай да доўгіх размоў з тымі, хто прыйдзе, для таго каб іх дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці сваёй усмешкай, шчырымі словамі і адкрытым поглядам”, — адзначаецца ў звароце.

Паводле слоў Знака, Калеснікава абараняла ўсіх беларусаў ад „крывавых сцэнарыяў будучыні”. „Маша супакойвала беларусаў і раз за разам казала, што дзейнічаць трэба паводле закона. Зрабіце і вы паводле закона — адпусціце нашу Машу”, — заклікае юрыст.

Знак просіць усіх неабыякавых запісаць на відэа хаця б пару слоў, каб людзі, „якія трымаюць Машу, зразумелі: яе трэба тэрмінова выпускаць”. Таксама ён заклікаў запісваць відэа ў падтрымку ўсіх палітвязняў, спіс якіх можна знайсці на сайце праваабарончага цэнтра „Вясна”.

Член прэзідыума КР ва ўрэгуляванні палітычнага крызісу Марыя Калеснікава была выкрадзеная раніцай 7 верасня ў цэнтры Мінска невядомымі ў масках. Праз некалькі гадзін знікла сувязь з Антонам Раднянковым і Іванам Краўцовым. На наступны дзень стала вядома, што ўсіх траіх гвалтоўна вывезлі ва Украіну, аднак Калеснікаву выправадзіць з Беларусі не ўдалося, бо на мяжы яна парвала свой пашпарт.

Калеснікава была дастаўленая ў СІЗА № 1 у Мінску ў статусе падазраванай па справе, распачатай на падставе ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі). У гэты ж дзень у Мінску былі затрыманыя прадстаўнікі КР Максім Знак і Ілья Салей. Яны таксама з’яўляюцца падазраванымі па гэтай справе.

Справа была распачатая па факце стварэння Каардынацыйнай рады, сфармаванай з ініцыятывы былога кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Марыю Калеснікаву, Максіма Знака і Ілью Салея палітычнымі зняволенымі.

belapan.by

Фота: tut.by