Максім Знак: Планы ў каманды Бабарыкі маюцца на самыя неверагодныя выпадкі



Сённяшні госць Рацыі – юрыст выбарчага штабу кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі Маскім Знак.

Наконадні адбыўся стрым са штабу Віктара Бабарыкі з удзелам Максіма Знака. За тры гадзіны відэа набрала амаль 8 тысяч лайкаў.

Максім Знак: Я зараз гавару пра атмасферу, якая склалася ў адносінах мірных акцый. Нам здаецца, што адзінае што ў гэтай сітуацыі можна зрабіць, гэта захоўваць спакой, дзейнічаць так, як нас прасіў дзейнічаць Віктар Бабарыка: законнымі спосабамі, абараняючы свае законныя правы і не пераходзячы межы. Як юрыст я не магу вам патлумачыць, якія супрацьпраўныя дзеянні здзяйснялі многія з тых, каго мы бачым у складаных сітуацыях. Ёсць відэа, на якіх мы бачым, як яны сябе паводзілі, бачым, якія меры да іх прымяняліся. Затое я магу, як юрыст, сказаць, што калі супрацоўнікам органаў унутраных спраў будуць рабіцца перашкоды ў выкананні іх дзеянняў, то бок, аказывацца супраціў, то гэта ўжо гісторыя, якая пяройдзе ў крымінальную справу, і там будуць зусім іншыя наступствы.

Зараз, у рамках выбарчай кампаніі, існуе паўза. Зданы подпісы, яны падлічваюцца, будзе выносіцца рашэнне Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, і мы ўпэўнены, што ўсё, што неабходна для рэгістрацыі нашага кандыдата мы зрабілі і праверылі ўсе дакументы. Але да 14 ліпеня мы будзем знаходзіцца ў вакууме. І гэты вакуум спрабуюць зараз запоўніць пэўнымі дзеяннямі, якія Віктар Бабарыка яўна б не ўхваліў. Просім вас спакойна рэагаваць, на колькі гэта магчыма, на тое, што адбываецца, помніць, што ёсць заўсёды магчымасць знайсці законны спосаб для абароны сваіх правоў.

Пасля стрыму журналіст Радыё Рацыя звязаўся з Максімам Знакам і пагутарыў.

Радыё Рацыя: Ці можаце ўзгадаць, як адбываўся працэс здачы подпісаў? Што вам запомнілася?

Максім Знак: Усё было добра. Нас ветліва сустрэлі. Мы здалі подпісы. Нам паставілі штампы на копіях. Усё нармалёва. Мы былі першымі, хто здаваў подпісы. Мы там былі акурат а 10-й раніцы.

Радыё Рацыя: Канешне, хочацца верыць у тое, што кандыдат Бабарыка будзе зарэгістраваны. Але ці маецца ў камандзе план, калі гэтага не адбудзецца?

Максім Знак: У нас каманда вялікая, таму планы ёсць на самыя неверагодныя выпадкі. Але мы спадзяемся, што будзе зарэгістраваны, таму што пакет дакументаў быў паданы, і гэта пакет, які падпісаў сам Віктар Бабарыка, калі ён яшчэ меў такую магчымасць.

Радыё Рацыя: Такім чынам, мы можам казаць, што з юрыдычнага боку не павінна быць ніякіх падставаў для таго, каб з-за дакументаў не зарэгістраваць кандыдата Бабарыку?

Максім Знак: Нам невядома пра такія падставы. Праверку робіць Цэнтральная камісія па выбарах і рэферендумах.

Радыё Рацыя: А ўвогуле, як вы бачыце, можа быць нейкая падстава, з чым яна звязана?

Максім Знак: Ведаеце, ёсць розныя канспіралагічныя тэорыі ў шматлікіх аналітыкаў. Я ведаю, што мы здалі подпісы. Мы іх усе праверылі некалькі разоў. У нас вялікая колькасць людзей працавала над гэтым. То бок, мы ўпэўнены ў тых подпісах, якія здалі. І ў нас ёсць копіі ўсіх гэтых подпісаў. Нават мы ведаем, у якім парадку здаваліся гэтыя подпісы ў кожную з раённых камісій. Гэта першае. Другое, наконт пакета дакументаў. Мы ведаем, якія дакументы павінны былі падаваць, і мы гэтыя дакументы падрыхтавалі і падалі. Таму, калі там будуць нейкія хібы, то гэта будзе вялікім сюрпрызам для нас, таму што ўсё было праверана.

Радыё Рацыя: І ці можа паўплываць на працэс рэгістрацыі крымінальны пераслед Віктара Бабарыкі? Як вы самі бачыце, ці выпусцяць яго да дня галасавання на волю?

Максім Знак: Па-першае, крымінальны пераслед ніяк не ўплывае на рэгістрацыю, таму што няма такога пункту ў адпаведным артыкуле па Кодэксу. А наконт таго, выпусцяць, ці не, то тут мы спадзяемся на адвакатаў, якія працуюць з Віктарам Бабарыкам. Мы лічым, што калі мы кажам пра права быць абраным, права выбірацца і выбіраць, то гэтае права павінна быць таксама абаронена. Иснуюць нават у межах крымінальнага працэсу розныя інструменты, у тым ліку і хатні арышт, і нейкія іншыя меры, якія можна ў дадзенай сітуацыі выкарыстоўваць. Мы спадзяемся, што гэта будзе зроблена, і Віктар Бабарыка будзе мець магчымасць паўнавартасна ўдзельнічаць у гэтай кампаніі.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: з фэйсбук-старонкі Максіма Знака і штаба Віктара Бабарыкі.