Максім Знак выходзіць з галадоўкі



Член прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Максім Знак выходзіць з галадоўкі, паведаміў БелаПАН адзін з яго адвакатаў Дзмітрый Лаеўскі.

Паводле яго слоў, 28 верасня абаронцы першы раз пасля выхадных наведалі Знака ў ізалятары. „Яшчэ да выхадных ён адчуў велізарную хвалю падтрымкі, пачынаючы з таго, як падтрымалі калегі-адвакаты, падаўшы дзясяткі хадайніцтваў аб асабістым паручыцельстве і прыйшоўшы ў суды абедзвюх інстанцый, і заканчваючы вялікай колькасцю каментараў, зваротаў і лістоў людзей, у тым ліку раней асабіста незнаёмых з Максімам. Такая колькасць добрых слоў уражвае. Яго мужны ўчынак заўважылі, гэта зробіць унёсак у зацвярджэнне значнасці права ў грамадстве”, — лічыць Лаеўскі.

Ён паведаміў, што на выхадных Знак пачаў падрыхтоўку да выхаду з галадоўкі. Сёння ў СІЗА прынятая медыцынская перадача са сродкамі падтрымання — зараз ён паступова аднаўляе прыём ежы.

„Падрабязнасці ён раскажа сам, калі будзе вызвалены. Мы спадзяемся, што гэта адбудзецца хутка. Ён выказвае ўсім велізарную падзяку і пацвярджае рашучасць, жаданне і гатоўнасць надалей працаваць і змагацца”, — сказаў адвакат.

Член прэзідыума КР, кандыдат юрыдычных навук, адвакат Максім Знак быў затрыманы 9 верасня. 18 верасня яму выставілі абвінавачанне на падставе ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). У той жа дзень Знак, пратэстуючы супраць абвінавачання, абвясціў галадоўку.

У межах гэтай крымінальнай справы абвінавачанне таксама выстаўленае члену прэзідыума КР Марыі Калеснікавай і аднаму з адвакатаў Калеснікавай Ілью Салею. Яны ўтрымліваюцца пад вартай.

Пераслед членаў і валанцёраў КР працягваецца. Як паведаміла прэс-служба рады, днём 28 верасня ў Мінску была затрыманая валанцёр штаба Віктара Бабарыкі і Каардынацыйнай рады Іна Кавалёнак. „У 13.45 яна выйшла па каву са свайго дома і перастала выходзіць на сувязь. Праз 45 мін яе сястра, з якой яна пражывае, выйшла ў пошуках Іны. Але заўважыла дзіўныя аўто, яе пачалі пераследаваць, і ёй удалося схавацца. Сястра Іны на гэты момант у бяспецы, мы ў кантакце і з ёй і з яе адвакатам”, — адзначылі ў прэс-службе КР.

belapan.by