Максіму Знаку падоўжылі тэрмін знаходжання ў СІЗА да 9 траўня



Члену Прэзідыума Каардынацыйнага савета, юрысту Максіму Знаку падоўжаны тэрмін утрымання пад вартай да 9 траўня. Пра гэта TUT.BY паведаміў адвакат Знака Дзмітрый Лаеўскі.

Максіма Знака затрымалі 9 верасня. Яго абвінавацілі ў закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі (Частка 3 артыкула 361 КК). 25 студзеня яму ў чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 9 сакавіка, а на днях Знаку працягнулі яшчэ на два месяцы.

— Максіму ўручылі копію пастановы аб прадаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай. Мы абскардзім рашэнне следства, — пракаментаваў рашэнне падоўжыць ўтрыманне адваката ў СІЗА Дзмітрый Лаеўскі.

Нагадаем, першая справа супраць Каардынацыйнага савета па ч. 3 арт. 361 было распачата ў канцы жніўня. У снежні Генпракуратура ўзбудзіла яшчэ дзве новыя крымінальныя справы ў дачыненні да членаў Каардынацыйнага савета па фактах стварэння экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім, фінансавання яго дзейнасці і змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. 10 лютага Максіму Знаку прад’явілі абвінавачванні па гэтых двух артыкулах.

Раней абаронцы Знака ўжо заяўлялі, што фактычна Знак падвергнуўся крымінальнаму пераследу ў сувязі з выразам ім прафесійнага меркавання па прававых пытаннях і рэалізацыяй фундаментальных правоў.