“Малады Фронт” з новай стратэгіяй дзеянняў (абноўлена)
ІХ з’езд міжнароднага грамадскага аб’яднання „Малады Фронт” прайшоў 12 верасня ў Менску.
Удзельнікі, якіх было больш за 30 чалавек, зацвердзілі новую стратэгію дзеянняў, таксама далі ацэнку выбарчай прэзідэнцкай кампаніі, ды абралі кіроўны Сойм арганізацыі.
З заснавальнікаў і вэтэранаў арганізацыі прысутнічалі Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Мікола Дземідзенка, Цімох Дранчук, Наста Палажанка. На першай сесіі была аслухана справаздача аб дзейнасці арганізацыі, вызначаны фармат і схема кіравання „Маладым Фронтам” для новага кіраўніцтва.
Пачаўся з’езд з хвіліны маўчання па загінулым ва Украіне Алесю Чаркашыну. Дэлегаты праспявалі „Магутны Божа”, паведамляе „Радыё Свабода”
На з’ездзе была прынята стратэгія абароны незалежнасці Беларусі ва ўмовах знешняй пагрозы. Спачатку маладафронтаўцы хацелі прыняць рэзалюцыю „Байкот „выбарам””. Але потым вырашылі змяніць фармулёўку на „„Выбарам“ – ігнор”.
„Заклікаем усіх кандыдатаў, якія лічаць сябе апазіцыйнымі, зняцца з выбараў. Усіх, хто працягвае ўдзел у цырку Лукашэнкі – Ярмошынай, „Малады Фронт” уважае за марыянетак дыктатуры”, – гаворыцца ў рэзалюцыі.
У дакуменце канстатуецца, што выбараў няма, таму нават байкатаваць іх нельга. І што пустыя выбарчыя ўчасткі – адзінае, што дапаможа супрацьстаяць легітымізацыі рэжыму.
Паводле яшчэ дзейнага сустаршыні “Маладога Фронта” Зміцера Дашкевіча, самай галоўнай задачай маладафронтаўцаў з’яўляецца супрацьстаянне імперыі:
– Вораг №1 на сёння – гэта шавіністычная Расея, якая ўчыніла крывавую бойню на Данбасе, якая прэтэндуе на незалежнасць Украіны і Беларусі. Не даўшы па зубах ворагу мы нічога не даможамся таму, што дыктатура Лукашэнкі трымаецца ў першую чаргу на эканамічнай і палітычнай падтрымцы Расеі.
Працяг з’езда запланаваны на 10-га кастрычніка.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск