Малады Фронт заклікае выйсці на плошчу Незалежнасці



Малады Фронт заклікаў правесці ў Менску 25 жніўня святочнае шэсце пад нацыянальнымі сцягамі па праспекце Незалежнасці.

Акцыя будзе прымеркаваная да гадавіны надання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі сілы канстытуцыйнага закона.

Удзельнікі акцыі плануюць сабрацца а 18-й гадзіне ля помніка Янку Купалу і потым рушыць пад нацыянальнымі сцягамі па праспекце да плошчы Незалежнасці.

«У святочны дзень 25 жніўня заклікаем фатаграфавацца пад бел-чырвона-белымі сцягамі, посціць святочныя навіны і віншаванні пад хэштэгам #незалежнасці25. Адсвяткуем свята незалежнасці разам: незалежнай Беларусі — 25!», — піша Малады Фронт на сваім сайце.

У жніўні 1991 года перад пачаткам сесіі Вярхоўнага Савета група дэпутатаў БНФ дамаглася жывога тэлеэфіру і звярнулася да жыхароў Менска з заклікам прыходзіць на плошчу перад Домам урада. На плошчы сабраліся тысячы людзей.

Праз некалькі тыдняў Вярхоўны Савет змяніў назву краіны (замест БССР — Рэспубліка Беларусь) і надаў бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня» статус дзяржаўных сімвалаў.