Маладыя хрысціянскія дэмакраты рыхтуюцца да Дня Волі
Беларуская хрысціянская дэмакратыя рыхтуецца да правядзення Дня Волі ў Менску. Моладзевая суполка аргкамітэту па стварэнні партыі актыўна складае план свята. Лідар МХД Марына Хоміч паведаміла, што ўдзел у шэсці 25-га сакавіка будзе кульмінацыяй усіх мерапрыемстваў гэтага адметнага для дэмакратычнай супольнасці дня:
– МХД будзе браць удзел у святкаванні Дня Волі 25 сакавіка. Мы будзем удзельнічаць у шэсці і мітынгу. МХД з’яўляецца адным з арганізатараў гэтага мерапрыемства. Мы таксама плануем у час шэсця збіраць подпісы за вяртанне беларускай мовы ў сферу навучання.
У пятніцу, 20-га сакавіка, у Менску па адрасе Чарнышэўскага, 3 адбудзецца прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў аргкамітэту па святкаванні Дня Волі. На прэс-канферэнцыі будуць агучаныя вынікі разгляду заяўкі на шэсце і мітынг, а таксама больш дэталёвы план святкавання гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя