Малдова абвінаваціла Расею ў спробах завербаваць сваіх грамадзян для вайны ва Украіне



Малдова ў чацвер, 14 красавіка, абвінаваціла расейскую армію ў спробе вярбоўкі грамадзян Малдовы для вайны ва Украіне. Пра гэта паведамляе Reuters. Гэта адбылося праз некалькі дзён пасля таго, як брытанская ваенная выведка заявіла, што Масква спрабуе папоўніць свае сілы ва Украіне шляхам вярбоўкі людзей у самаабвешчаным Прыднястроўі.

Ніку Папеску Фота: Newsmaker.md

„Такія дзеянні не спрыяюць міру для ўсіх нас, нашых суграмадзян, нашых сем’яў. Такія рэчы вельмі небяспечныя, і іх трэба спыняць”, – сказаў міністр замежных спраў Малдовы Ніку Папеску. Больш падрабязнасцяў ён не паведаміў, але сказаў, што прадстаўнікі МЗС Малдовы рэгулярна сустракаюцца з расейскім паслом і што пазіцыя Малдовы з гэтай нагоды надзвычай ясная.

Асобна ў чацвер намеснік міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла, што Расея збірае войскі ў некалькіх раёнах, у тым ліку ў Прыднястроўі, для «далейшай эскалацыі» ва Украіне. У мінулым месяцы Малдова заявіла, што сочыць за сітуацыяй у Прыднястроўі, дзе пражывае каля 1500 расейскіх вайскоўцаў, але не заўважыла істотных змен з моманту пачатку ўварвання Расеі ва Украіну 24 лютага.

Беларускае Радыё Рацыя