Малдова выставіла Расеі буйны рахунак: мільярды за акупацыю



Кішынёў мае намер звярнуцца па дапамогу да міжнароднай юрыдычнай кампаніі, якая падлічыла б меркаваную шкоду, нанесеную Малдове расейскай арміяй за 25 гадоў знаходжання ў Прыднястроўі.

Пра гэта паведаміў спікер малдаўскага парламенту Андрыян Канду ў інтэрв’ю латвійскаму выданню Latvijas Avize. Парламент краіны абвінаваціў РФ у невыкананні нормаў міжнароднага права і выказаўся пра намер спагнаць мільярды даляраў.

Канду нагадаў, што ў Прыднястроўі незаконна знаходзяцца каля 2 тысяч расейскіх вайскоўцаў, якіх у Кішынёве лічаць «акупацыйнымі сіламі». 

У пачатку траўня 2017 Канстытуцыйны суд Малдовы прызнаў, што знаходжанне расейскіх узброеных сіл на тэрыторыі Прыднястроўя супярэчыць нейтралітэту дзяржавы. У ліпені парламент краіны прыняў заяву з патрабаваннем вывесці расейскія войскі з тэрыторыі краіны.

Акрамя таго, Малдова хоча зноў зрабіць камісію для разліку рэпарацый з-за «савецкай акупацыі».

У адрозненне ад «прарасейскага» прэзідэнта Ігара Додона спікер малдаўскага парламента ў ліку найважнейшых саюзнікаў і партнёраў назваў EЗ і ЗША.

Latvijas avīze

Фота  KP.md