Марафон салідарнасці з палітзняволенымі. Чаму важны не толькі для беларусаў
Незалежныя беларускія медыі 29 ліпеня супольна ладзяць 12-гадзінны анлайн-марафон «Нам не ўсё адно!», каб сабраць грошы для палітычных зняволеных ды іх сем’яў. Да эфіраў больш як двух дзясяткаў медыяў далучацца лідары меркаванняў у сферах культуры, спорту, грамадскага ды інфармацыйнага актывізму.
Знаёмая беларуска, якая даўно жыве ў Вільні, дзе камунікуе з вельмі прасунутай публікай, кажа, што літоўцы думаюць, што беларусы працягваюць прасіць абарону літоўскай дзяржавы праз боязь удзелу ў вайне на баку Расеі.
То бок, нават за 34 кіламетры ад падкантрольнай Лукашэнку тэрыторыі людзі не ведаюць пра каток масавых рэпрэсій, якія лукашысты не спыняюць ад 2020 году.
Я сам сутыкнуўся з падобным неразуменнем, толькі за 40 кіламетраў ад Беларусі – у Беластоку. Праўда, там была простая кабета, якая не надта сочыць за навінамі. Яна думае, што я і дзясяткі тысяч іншых беларусаў у Польшчы, проста шукаем лепшага заробку. Таму і выехалі з Беларусі.
Калі я пачаў распавядаць пра рэпрэсіі, кабета была вельмі здзіўленая. Для яе ўся беларуская крызісная сітуацыя засталася ў 2020 годзе, пра які яна чула.
У палітычнага кіраўніцтва краін ЕЗ, асабліва на мяжы з Беларуссю, досыць складаная задача. З аднаго боку нельга сеяць паніку сярод электарату. Бо пасля палітыкаў могуць знесці са сваіх пазіцый за «бяздзеянне».
З іншага боку, людзі мусяць ведаць, што Расея рыхтуе ці то адкрытую ці то гібрыднаю атаку на Польшчу ці Літву.
Грамадзяне краінаў ЕЗ, хоць бы тыя прасунутыя, якія сочаць за навінамі, мусяць бачыць сувязь паміж палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі, вайной ва Украіне і ўласнай бяспекай.
Калісьці ў 2014 годзе большасць у розных краінах думала, што акупацыя Расеяй часткі Украіны – гэта праблема Украіны. І толькі пасля спробы захопу Кіеву ў 2022 годзе да палітыкаў на Захадзе пачало даходзіць, што пагроза рэальная.
Рэпрэсіі супраць беларусаў – гэта зачыстка тылоў. Бо пратэстныя настроі большасці беларусаў не змяніліся. А Расея разглядае Беларусь як плацдарм для сваіх ваенных гульняў супраць NATO.
Размаўляў у Варшаве з інтэлігентнай парай, якія пацікавіліся маім бачаннем таго, што адбываецца ў Беларусі і ва Украіне. У выніку я зразумеў, што іх цікавіць толькі калі нарэшце скончыцца паток бежанцаў у Польшчу.
Сёння я б сказаў той пары, што бежанцы – гэта не такая вялікая пагроза для Польшчы. Сёння вельмі важна ведаць, ці надзейна прыкрытая Варшава супрацьпаветранай абаронай.
Марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!» мусіць быць не адзіным выпадкам. І вельмі важна, каб з асэнсаваным удзелам хоць бы суседніх з Беларуссю краінаў ЕЗ.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя