Марат Гаравы: Курапаты сталі вяртацца ў грамадскую свядомасць



Шматгадовая праца па абароне ўрочышча Курапаты дае свой плён. Такое меркаванне выказаў каардынатар грамадзянскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапат” Марат Гаравы 12 лістапада падчас прэс-канферэнцыі ў Менску з нагоды адкрыцця дакументальна-мастацкай выставы, прысвечанай гісторыі абароны Курапатаў.

„Разнастайная шмагадовая праца прывяла да таго, што Курапаты сталі вяртацца ў грамадскую свядомасць. Гэта была наша задача, якой мы займаемся шмат год. Курапаты ўвесь час у цэнтры падзей. Дзяржава няўклюдна паводзіць сабе адносна Курапатаў. Замест дыялогу — супрацьстаянне. Таму Курапаты і не знікаюць”, — упэўнены журналіст і пісьменнік.

Паводле яго слоў, дзякуючы працяглай і часам ахвярнай працы актывістаў Курапаты сталі сімвалам змагання за свабоду ў Беларусі. І гэта прымусіла дзяржаву звярнуць ўвагу на ўрочышча.

„Афіцыйны памятны знак і так званыя правільныя суботнікі БРСМ, прафсаюзаў і гэтак далей. Гэта вельмі добра, так і павінна быць. Чаму? Таму што ў Курапатах ляжаць усе: там і ахвяры, і каты. І Курапаты яднаюць, яны самі патрабуюць дыялогу ад нас”, — мяркуе пісьменнік.

Гаравы дадаў, што прайшлі шматлікія выставы і прэзентацыі яго кнігі „НКВД забіваў у Курапатах”. Зараз эксперты рыхтуюць круглы стол па распрацоўцы нацыянальнай канцэпцыі мемарыялізацыі месцаў „чырвонага тэрору”.

„Па ўсёй краіне ствараюцца ініцыятыўныя групы, якія займаюцца ўшанаваннем памяці загінулых людзей. Гэта сведчыць, што пачынаецца абуджэнне людзей, якія хочуць ведаць праўду, каб не дапусціць такога ў будучым. Гэта тэма ўваходзіць не толькі ў грамадскі дыскурс. Яна патрабуе асэнсавання: а што далей, куды мы будзем рухацца?”, — кажа Гаравы.

Урочышча Курапаты — месца масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” заявіў, што Курапаты будуць прыведзеныя ў парадак. На працягу красавіка тут па рашэнні ўлад былі знесеныя і вывезеныя ў невядомым кірунку 70 шасціметровых крыжоў, а таксама была ўстаноўлена агароджа па перыметры ўрочышча. Гэтыя дзеянні выклікалі негатыўны рэзананс у грамадстве. Знос крыжоў асудзілі прадстаўнікі розных канфесій.

belapan.by