Мараторыю на смяротнае пакаранне перашкодзілі санкцыі ЕЗ
Прадстаўнікi СМІ не прысутнічалі на асноўнай частцы міжнароднай канферэнцыі “Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалоссяў”, якую праводзілі МЗС Беларусі сумесна з прадстаўніцтвам ААН.
Такая ініцыятыва беларускага знешнепалітычнага ведамства выклікала здзіўленне ў прафесійнай супольнасці. Дзіўнае рашэнне, бо нічога звышнатуральнага на другой, закрытай ад журналістаў, частцы там не сказалі. Заўважыў у праекце «Месца для прэсы» Міхаіл Мацкевіч з цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, які ад сваёй арганізацыі прысутнічаў на канферэнцыі.
– Тое, што адбылося, як мне падаецца, дасць пэўнае непаразуменне паміж журналістамі, прэсай, і МЗС. Насамрэч, крамольнага нічога не было. Галоўную тэзу, якую б трэба было вынесці з гэтай канферэнцыі, агучыў Мікалай Самасейка – дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Ён выказаў меркаванне, што дыялог, змена смяротнага пакарання ў 2010 годзе не адбыліся з прычыны ўвядзення Еўразвязам санкцый.
Працэс увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне прыпынілі санкцыі Еўразвяза супраць Беларусі ў 2010 годзе. Такую тэзу выказаў кiраўнік працоўнай групы па пытаннях смяротнага пакарання Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, былы суддзя Мікалай Самасейка. Такі асноўны вынік, паводле Міхаіла Мацкевіча з цэнтра Lawtrend, другой панелі міжнароднай канферэнцыі. І, паводле Міхаіла Мацкевіча, выказванні беларускіх чыноўнікаў па-рознаму можна трактаваць.
– Гэта выглядае наступным чынам: дайце нам што-небудзь і мы не будзем расстрэльваць сваіх грамадзянаў. Таму гэтае пытанне ўжо дзесьці гадоў 20 існуе. Яно абмяркоўваецца. Сам Мікалай Самасейка падчас канферэнцыі пералічваў мерапрыемствы ў межах супрацы. Але цягам 20 гадоў і цяпер ніякай размовы пра ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне не адбываецца.
Беларускі дэпутат і кіраўнік працоўнай групы па пытаннях смяротнага пакарання Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалай Самасейка заявіў, што смяротнае пакаранне ў Беларусі існуе паводле рэферэндуму 1996 года, калі больш за 80% беларусаў выказаліся за яго захаванне. Але з таго часу беларусы змяніліся, і ўжо вырасла новае пакаленне – каментуе старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.
– Можна спрачацца з тымі высновамі, якія агучылі выступоўцы дзяржавы, што большасць беларусаў падтрымлівае смяротнае пакаранне. Можа гэта і большасць, але абсалютна недастатковая. Бо якраз апошнія сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што грамадская думка па гэтым пытанні значна змянілася. І значная частка беларускага грамадства на сённяшні дзень выступае супраць смяротнага пакарання. Гэта значыць, што прыйшоў час палітычных рашэнняў.
У Менск на міжнародную канферэнцыю пра праблемы смяротнага пакарання прыбылі прадстаўнікі розных галін беларускай улады, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, духавенства і многіх дыпламатычных місій. Сярод удзельнікаў мерапрыемства — спецыяльны прадстаўнік Еўразвязу па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс, спецдакладчык Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні, а таксама іншыя еўрапейскія і беларускія чыноўнікі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tyt.by