Марка Фібер: Ціск з-за мяжы на рэжым – важны фактар вызвалення палітвязняў у Беларусі



Сёлета 6-га траўня споўнілася 1000 дзён, як у Беларусі пачаліся агульнанацыянальныя дэманстрацыі за свабоду і дэмакратыю. За гэты час арыштавалі больш за 38 тысяч чалавек, а статус палітвязня атрымалі больш за 2240 чалавек, у беларускіх турмах да гэтага часу застаюцца каля 1500 палітвязняў. Гэтыя ды іншыя вынікі трапілі ў справаздачу „1000 дзён тэрору”, якую склала міжнародная арганізацыя Libereco.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з кіраўніком офіса ў Берліне міжнароднай праваабарончай арганізацыі Libereco – Partnership for Human Rights Маркам Фіберам пра тое, якая тэндэнцыя з рэпрэсіямі ў Беларусі назіраецца зараз, хто можа паспрыяць вызваленню палітвязняў у Беларусі, ці патрэбны краіне трыбунал пасля ўсяго і што за ганаровыя консулы Беларусі знаходзяцца ў Нямеччыне зараз:

З „Госцем Рацыі” – кіраўніком офіса ў Берліне міжнароднай праваабарончай арганізацыі Libereco – Partnership for Human Rights Маркам Фіберам, размаўляла Вольга Сямашка.

РР: Вітаем Вас, спадар Марка! Вельмі прыемна гутарыць са кіраўніком офіса ў Берліне міжнароднай праваабарончай арганізацыі Libereco – Partnership for Human Rights, якая займаецца пытаннямі абароны правоў у Беларусі. Раскажыце, калі ласка, пра Вашу арганізацыю, калі яна была створана і з якой мэтай?

Наша арганізацыя Libereco была заснавана ў 2009 годзе, 14 гадоў таму. Перад гэтым многія нашыя заснавальнікі актыўна працавалі ў Amnesty International і былі задзейнічаны ў беларускім пытанні. Адзін з нашых заснавальнікаў, а зараз гэта Прэзідэнт Рады Libereco у Швейцарыі Ларс Бюнгер асабіста бываў у Беларусі і займаецца беларускім пытаннем з 2000-х гадоў. Ён мае шмат знаёмых у беларускай апазіцыі і сярод палітзняволеных, хто трапляў за краты шматкроць у Беларусі. І вось гэта „карані” нашай арганізацыі – групы людзей, хто добра ведае сітуацыю ў Беларусі і не згодныя з тым гвалтам, што пануе ў адказ на пратэсы і на тое стаўленне, з якім сутыкаюцца людзі ў беларускіх турмах.

РР: І вось днямі Вашая арганізацыя выпусціла справаздачу сваёй аналітычнай працы па Беларусі, і назва яе кажа сама за сябе – „1000 дзён тэрору”. На падставе дадзенай справаздачы, якія важныя пункты пра рэпрэсіі ў Беларусі Вы можаце выдзеліць ?

Як я ўжо казаў, Libereco працуе з Беларуссю 14 год, і мы бачылі ранейшую сітуацыю, калі колькасць тых жа палітзняволеных былая нязначная, калі мы можам так казаць, ад 10-20 чалавек. Але зараз, пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і далейшых пратэстаў у адказ мы назіраем катастрафічную колькасць палітвязняў – каля 1500 чалавек. І мы разумеем, што іх нашмат больш. Бо сваякі зняволеных па «палітычных» артыкулах баяцца надаваць статус палітзняволеных сваіх родных, каб не было больш праблем. Мы назіраем за гэтым працэсам пры шчыльнай супрацы з нашым партнёрам – Праваабарончым цэнтрам «Вясна». І мы нездарма выдалі для нашай справаздачы назву „1000 дзён тэрору”. Бо такі тэрор адбываецца штодня. Людзей кідаюць у турмы за пасты і „лайкі” у сацыяльных сетках, мэсэнджарах, за што заўгодна, за словы супраць вайны Расеі ва Украіне, за словы крытыкі рэжыму ў Беларусі і патрабаванні вывесці расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі. Нармальная грамадзянская пазіцыя беларусаў, якая адпавядае беларускай жа Канстытуцыі, аўтаматычна робяць іх апазіцыянерамі да рэжыму і „ворагамі Лукашэнкі”. Але людзі дзейнічаюць згодна духу Канстытуцыі.

РР: Мушу адзначыць, што я знайшла справаздачу Libereco „1000 дзён тэрору” таксама дзякуючы мэсэнджару, а ўжо пасля прачытала яе на афіцыйным сайце ў агульным доступе. Як пэўна і ўсе астатнія карыстальнікі. Таму маё наступнае пытанне такое: ці маецца рэакцыя афіцыйнага Менску на гэтую справаздачу і агулам на дзейнасць Вашае арганізацыі?

Не, звычайна яны нас ігнаруюць. На сённяшні дзень мы не маем афіцыйнай рэакцыі рэжыму ў Беларусі, як і зазвычай. Але мы ведаем, што яны ведаюць пра нас. Той жа Ларс Бюнгер у „чорным спісе” беларускіх ўладаў, якія не пусцілі яго ў Беларусь з Нямеччыны і сістэматычна адмаўлялі ў беларускай візе. Таму маем такую ўскосную, але не прамую рэакцыю на нашую дзейнасць.

РР: Зараз у дэмакратычнай супольнасці Беларусі разгарэлася цэлая дыскусія, весці ці не афіцыйныя перамовы з Лукашэнкам аб вызваленні палітвязняў? Як на Вашую думку мусіць вырашыцца пытанне вызвалення палітвязняў?

– Я думаю, што варта ў індывідуальным парадку змагацца, сустракацца і гаварыць пра кожным выпадак вызвалення палітвязняў унутры Беларусі. Кожны чалавек, кожны сваяк павінен зрабіць усё, каб гэтыя пытанні пастаянна былі на павестцы, закідваць органы запытамі, весці перапіску. Важным пры гэтым фактарам выступае міжнародны ціск з-за мяжы на беларускія органы. Самі палітвязні ведаюць, што пра іх ведае свет. Супрацоўнікі турмаў, чыноўнікі дзяржаўных органаў – таксама разумеюць, што пра іх ведаюць. Ведаюць іх імёны, адрэсы і тыя дадзеныя, якія пры змене ўлады ў Беларусі дазволяць прыцягнуць ад адказнасці за выкананне злачынных загадаў рэжыму Лукашэнкі. І для нас таксама важнасць ведаць і адчуваць, што да Беларусі прыкаваная вялізная ўвага многіх праваабаронцаў, арганізацый і дэмакратычных сіл, і мы ў гэтым таксама прымаем удзел. Гэта гарантыя таго, што ўсе, хто забіваў, катаваў і гвалціў для забеспячэння рэжыму – абавязкова панясуць адказнасць у будучыні.

РР: Таксама ў Вашай справаздачы вядзецца гаворка пра так званых ганаровых консулаў Беларусі ў Германіі і Швейцарыі, якія па-ранейшаму прадстаўляюць рэжым Лукашэнкі і зараз? Якая роля гэтых людзей у Еўропе, і якія Вашыя прапановы па іх?

Мы таксама не вельмі разумеем іх ролю, якую яны павінны адыгрываць у Еўропе. Адразу пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года два ганаровыя консулы ў Германіі і адзін ганаровы консул у Швейцарыі сышлі ў адстаўку. Зусім нядаўна ганаровы консул Беларусі ў Ліхтэнштэйне таксама падаў у адстаўку ў студзені 2023 года. Аднак беларускі рэжым у Германіі па-ранейшаму афіцыйна прадстаўляюць чатыры ганаровыя консулы. Сярод іх Марцін Шродэр, які 11 года на пасадзе, і Франк Косік, які 8 гадоў таксама на гэтай пасадзе. Яны быццам бы садзейнічаюць паспяховаму развіццю мясцовага бізнэса. Пры гэтым яны не атрымліваюць грошы ад рэжыму, і кажуць, што працуюць як валанцёра. Пры гэтым маюць афіцыйныя сайты. Адзін з іх не працуе, а на другім маецца асноўная інфармацыя пра Беларусь, інтэрв’ю і пазнака таго, што вось гэты чалавек – ёсць афіцыйным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь у Германіі. Але для нас тут ён – прадстаўнік дыктатара Лукашэнкі ў першую чаргу. І я не разумею, чаму яны яшчэ тут: яны не зарабляюць афіцыйныя грошы для рэжыму, але ўваходзяць у афіцыйны спіс амбасадаў Беларусі ў Еўропе. Сапрады незразумела, чым яны займаюцца ў дэмакратычнай Германіі, асабліва пасля падзей 2020 і 2022 гадоў у Беларусі і Украіне…

РР: І ў гэтай сувязі я запытаю Вашае меркаванне па запрашэнню ААН для Лукашэнкі на саміт па ўстойлівым развіцці, які пройдзе ў верасні ў Нью-Ёрку?

– Я не думаю, што гэта нармальна для ААН рабіць такія запрашэнні для Лукашэнкі і падобных асобаў, набліжаных да рэжыму Пуціна, каб яны афіцыйна прыязджалі ў Нью-Ёрк і рабілі нейкія заявы. Гэта непрымальная такім узроўні. І гэта ненармальна, як і ў сітуацыі з ганаровымі консуламі, маўляў, мы прадстаўляем краіну, і толькі з намі трэба весці справы.

РР: Таму і мы не надта давяралі навіне з ААН пра запрашэнне Лукашэнкі, яна выглядала фэйкавай. Тым не менш, за дзень да запрашэння ААН у бок Беларусі паступіў іншы дакумент – Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб выкананні правоў чалавека ў Беларусі. У ёй утрымліваецца патрабаванне вызваліць Віктара Бабарыку. Што Вы думаеце пра гэты дакумент?

Кожны дакумент, кожная прамова, кожны артыкул, датычны сітуацыі ў Беларусі, і асабліва становішча палітвязняў у ёй, важны і карысны ў далейшым.

РР: Зараз шмат кажуць пра тое, што будзе з Беларуссю, калі ўсё скончыцца. Але ва ўсіх выпадках гучыць слова „трыбунал”. Хто мусіць яго склікаць па сітуацыю ў Беларусі? Сама Беларусь? Украіна? Ці Еўропа?

Думаецца, што гэта мусіць быць орган агульнага склікання пры прамым удзеле самой Беларусі, які мусіць спалучыць у сябе функцыі „следчага камітэту” для расследавання злачынстваў унутры Беларусі і як міжнародны суд, дзе будуць суддзі і віноўныя будуць прыцягнуты да адказнасці за злачынствы, здзейсненыя ў Беларусі. І гэта будзе добра.

РР: І апошняе пытанне, звязанае са здароўем Лукашэнкі. Ці назіраеце Вы за навінамі ў гэтай сферы і ці звязваецца мажлівы зыход Лукашэнкі з пачаткам перамен у Беларусі, у тым ліку вызваленнем палітвязняў?

Так, мы сочым за навінамі. Але для краіны гэта дастаткова складаны ўнутраны працэс, і мы бы не хацелі звязаць усе на стане аднаго чалавек. Ведаем, што сітуацыя складаная, ніхто дакладна не скажа, што будзе і як. І мы пакуль што дакладна таксама не ведаем, што мы можам. Але за навінамі сочым.

Беларускае Радыё Рацыя