Марс Сарыеў: Для ўсіх выгодней, каб Бакіеў заставаўся ў Беларусі
Палітолаг з Кыргызстана распавёў пра сітуацыю вакол Бакіевых, дачыненні з Беларуссю і жыццё пасля «крывавага рэжыму».
Прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атанбаеў заклікаў Беларусь выдаць Курманбека Бакіева і яго сям’ю. Па яго словах, ужо і ў Беларусі сям’я Бакіевых запэцкала рукі ў крыві. Гаворка ідзе пра магчымую датычнасць брата Курманбека Бакіева – Жаныша – да забойства ў Беларусі крымінальнага аўтарытэта Алмамбета Апапіяева. „Крывавыя крымінальныя” разборкі ў Менску, учыненыя даволі вядомым Жанышом Бакіевым над былым сваім набліжаным з крымінальнага свету, не пакідаюць сумневаў у тым, што чальцы сям’і Бакіевых адчулі ў Беларусі поўную беспакаранасць і разам са сваімі галаварэзамі працягваюць забіваць”, – гаворыцца ў заяве Алмазбека Атамбаева.
РР: Гэта неяк можа паўплываць на сітуацыю з выдачай Беларуссю сям’і былога прэзідэнта?
– Калі будзе даказана, што Шаныш Бакіеў вінаваты, то беларускі бок будзе забавязаны прыняць меры, бо гэта моцна ўплывае, у тым ліку на ўнутраную палітычную сітуацыю ў Беларусі. У гэтых адносінах яшчэ і пасыл Атанбаева нельга не ўлічваць. Але я не ўпэўнены, што Бакіеў увогуле калі-небудзь будзе экстрадзіраваны ў Кыргызстан. Як ні парадаксальна, але яго вяртанне, нават як падсуднага можа дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне.
РР: Як у Кыргызстане ацэньваюць тое, што Аляксандр Лукашэнка прыняў і стварыў умовы для камфортнага пражывання сям’і былога лідара вашай краіны, якога збіраюцца пажыццёва пасадзіць за краты на Радзіме?
– Тое, што Аляксандр Лукашэнка прыняў у сябе Бакіева – гэта добра, і гэта было рашэнне не толькі беларускага боку, але і кыргызскага, які тады прадстаўляла часовы прэзідэнт Роза Атунбаева. Таксама вельмі актыўны ўдзел у гэтым прымаў расейскі лідар Уладзімір Пуцін і прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Паводле некаторай інфармацыі, і амерыканцы былі задзейнічаны ў гэтай аперацыі. Гэта быў кампраміс. Бакіеў ніяк не мог апынуцца ў Маскве, таму што ў расейскай сталіцы ўжо знаходзіцца першы беглы прэзідэнт Аслан Акаеў. Таму думаць, што гэта рашэнне толькі Аляксандра Лукашэнкі, было б няправільна. Такім чынам, удалося пагасіць канфлікт у Кыргызстане.
Калі б Бакіеў застаўся ў краіне, то нявыключана, што сітуацыя магла ўвайсці ў рэчышча грамадзянскай вайны, таму што ў яго былі прыхільнікі на поўдні. А ў Кыргызстане існуе раскол па рэгіянальным прынцыпе – поўнач-поўдзень, і маглі быць непрадказальныя наступствы.
РР: Як можа развівацца сітуацыя? Наколькі я ведаю, Кыргызстан ужо спрабаваў дамагчыся выдачы Бакіевых усімі даступнымі метадамі?
– Следства толькі пачалося, ёсць паняцце прэзумпцыі невінаватасці. Заява ж Атунбаева, звязаная з палітычнай сітуацыяй, не вельмі асцярожная, нават рызыкоўная. І лепш бы зрабіць яе па выніках, а не ў час следства. Але ў Кыргызстане чакаецца «гарачая» палітычная вясна, да якой актыўна рыхтуецца апазіцыя.
Акрамя таго ёсць і знешнія гульцы, зацікаўленыя ў тым, каб Кыргызстан не ўвайшоў у Еўразійскі эканамічны звяз. Логіка Атанбаева ў гэтым плане зразумелая – гэта мабілізуе насельніцтва, стварае вобраз ворага і гэтак далей. Але тут трэба вяртацца зноў да таго, з чаго пачыналі – прэзумпцыі невінаватасці.
РР: Як можна ахарактарызаваць дачыненні Беларусі і Кыргызстана, прымаючы ва ўвагу справу Бакіевых? Ці былі нейкія кантакты паміж лідарамі краінаў, іншыя дыпламатычныя стасункі? І ці ёсць у краінаў магчымасці для ўзаемавыгаднай супрацы, у тым ліку ў эканамічнай сферы?
– Тое, што Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі, не асабліва адбіваецца на кыргызска-беларускіх эканамічных стасунках. Тут працуе беларускае пасольства, асаблівых эксцэсаў не было. Так, былі асобныя моладзевыя рухі, пратэсты, але яны насілі, калі можна так казаць, арганізаваны характар. На эканамічныя дачыненні гэта не паўплывала. Гэта палітычная справа, скіраваная кыргызскімі ўладамі на ўнутраную аўдыторую. У цэлым, я думаю, яны выдатна разумеюць, што знаходжанне Бакіева пад апекай беларускіх спецслужбаў, як і Акаева ў Маскве, – на карысць Кыргызстана.
РР: Кыргызстан пасля звяржэнне ўлады – гэта зусім іншая краіна? Дэмакратычныя свабоды, свабода прэсы. Усё гэта ёсць зараз?
– Канешне, пры Бакіеве, нават тыя дасягненні, якія былі пры Акаеве, пачалі згортвацца. І тое, што Атанбаеў кажа, што быў «крывавы рэжым» Бакіева, адпавядае рэчаіснасці. Былі забіты і скалечаны журналісты, забіты, прычым вельмі жорстка, буйныя палітычныя фігуры, фактычна быў развязаны тэрор. Зараз зусім іншая сітуацыя: журналісты могуць свабодна, без боязі рэпрэсій, выказваць сваё меркаванне. У прынцыпе, можна сказаць, што ў нас як у адзінай краіне Цэнтральнай Азіі можна казаць пра свабоду прэсы.
Гутарыў Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя