Маршалак польскага Сенату Станіслаў Карчэўскі наведае Беларусь



Афіцыйны візіт маршалка польскага Сенату Станіслава Карчэўскага ў Беларусь адбудзецца 6-7 чэрвеня. 

У праграме – удзел у беларуска-польскім эканамічным форуме “Добрасуседства-2019” у Менску, а таксама наведванне Гародні і ўдзел у адкрыцці шыльды легендарнага польскага музыканта, ураджэнца Гарадзенскай зямлі, Чэслава Немана. Як адзначае першы старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Тадэвуш Гавін, такія візіты спрыяюць таму, што Саюз працягвае існаваць, не зважаючы на ціск з боку ўладаў:

– Калі б не такія візіты, калі б не дапамога Польшчы, то ўлады даўно б зрабілі ўсё, каб задушыць дзейнасць Саюза палякаў Беларусі. Але нягледзячы на гэта, Саюз палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс дзейнічае і дзейнічае ў рамках Статута, які мы прынялі яшчэ ў 1990 годзе, калі ўтварылі Саюз палякаў.

Гэта другі візіт маршалка Карчэўскага ў Беларусь за няпоўныя чатыры гады. Ён наведаў краіну ў снежні 2016 году, калі правёў сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і апазіцыйнымі палітыкамі. З прадстаўнікамі ўладаў былі абмеркаваныя праблемныя пытанні двухбаковых адносін, у тым ліку існаванне двух саюзаў палякаў, адзін з якіх прызнае Менск, а другі — Варшава.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота natemat.pl