Маршалак сената Польшчы наведае Беларусь



Маршалак сената (верхняй палаты) парламента Польшчы Станіслаў Карчэўскі наведае Беларусь 6—7 чэрвеня, паведамілі БелаПАН у польскай амбасадзе.

Спікер возьме ўдзел у працы XXII беларуска-польскага эканамічнага форуму „Добрасуседства-2019”, які пройдзе 7 чэрвеня ў Менску. Акрамя Карчэўскага на форуме выступяць міністр прадпрымальніцтва і тэхналогій Польшчы Ядвіга Эмілевіч, першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Тадэвуш Раманчук, член праўлення Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю Кшыштаф Сенгер, старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі.

Напярэдадні форуму, 6 чэрвеня, Карчэўскі плануе наведаць Гародню. Паводле інфармацыі Савета Рэспублікі, разам са старшынёй верхняй палаты Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаілам Мясніковічам маршал возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцця ў горадзе мемарыяльнай дошкі легендарнаму польскаму музыканту выхадцу з Гарадзенскай вобласці Чэславу Нэмену.

Гэта другі візіт Карчэўскага ў Беларусь за няпоўныя чатыры гады. Ён наведаў краіну ў снежні 2016 года. Тады маршал сената правёў сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і апазіцыйнымі палітыкамі. З прадстаўнікамі беларускіх уладаў былі абмеркаваныя праблемныя пытанні двухбаковых адносін, у тым ліку немагчымасць акрэдытацыі ў краіне карэспандэнтаў тэлеканала „Белсат”, што вяшчае з Польшчы, і існаванне двух саюзаў палякаў, адзін з якіх прызнае Менск, другі — Варшава.

У лютым 2017 года Варшаву наведаў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук. Мясніковіч здзейсніў працяглы візіт у Польшчу ў лютым 2019 года.