Тысячы людзей выйшлі на маршы недармаедаў (абнаўляецца)



26 лютага ў чатырох гарадах Беларусі прайшлі акцыі супраць Дэкрэту №3.

На плошчы Леніна ў Бабруйску апоўдні сабралася ад 500 да 1000 чалавек. Удзельнікі акцыі супраць Дэкрэта №3 прынялі рэзалюцыю, сярод асноўных яе пунктаў — ультыматут рэспубліканскім і гарадскім уладам да 12 сакавіка адмяніць Дэкрэт №3 і ультыматум бабруйскім уладам адмяніць дзеянне гэтага дэкрэта для грамадзян горада. Прысутныя таксама выказаліся супраць размяшчэння расейскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі і супраць распродажу беларускай маёмасці расейскім алігархам. Удзел у маршы ў Бабруйску ўзяў адзін з лідараў БХД Віталь Рымашэўскі ураджэнец гэтага горада:

Адзінагалосна прагаласавалі за гэтую рэзалюцыю. Сёння гучалі воклічы «Жыве Беларусь!» Людзі былі вельмі радыкальна настроеныя. У дачыненні да дзеючай улады воклічы «Лукашэнка сыходзь!» чуліся часцей ад простых грамадзян, чым ад выступоўцаў, якія арганізоўвалі сёння гэты мітынг. А сярод арганізатараў былі беларускія хрысціянскія дэмакраты. Самыя розныя людзі прыйшлі выказаць свой боль, незадаволенасць, сказаць, што яны не быдла, а грамадзяне сваёй краіны. І калі ёсць такія людзі ў нашага народа, то будзе жыць краіна. Абавязкова адменім Дэкрэт №3 і зменім гэтую ўладу.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Наступны мітынг у Бабруйску плануецца 12 сакавіка ў 12 гадзін.

У Віцебску марш працягваецца. У ім бярэ ўдзел каля 2000 чалавек – ацэньвае віцебская актывістка Таццяна Севярынец:

Акцыя пачалася на плошчы Перамогі. І ўсе людзі, якія прыйшлі нібыта на Масленіцу, перайшлі на другі бок, дзе адбыўся імправізаваны мітынг. Кожны выказваўся не толькі пра Дэкрэт №3, але ўвогуле пра жыццё ў Беларусі. Людзі даведзены да адчаю, і гэта вельмі адчуваецца. Потым маршам, арганізаваным моладдзю, пад бел-чырвона-белымі сцягамі, мы пайшлі па цэнтральнай вуліцы Леніна. І зараз стаім каля філармоніі, дзе праходзіць другая частка мітынгу.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Таксама акцыі супраць дэкрэту пра дармаедаў сёння адбываліся ў Берасці і Баранавічах. 

У Баранавічы адмыслова на пратэст прыехалі людзі з усяго рэгіёна. Кажа адзін з удзельнікаў акцыі:

Мы самі з Бярозы, але паехалі ў Баранавічы, бо хочам падтрымаць беларускі народ. Стараемся ездзіць на ўсе акцыі. Паедзем і на акцыю ў Берасце. Бо мы не згодны з Дэкрэтам №3 і прыкладзём усе намаганні, каб гэты дэкрэт быў адменены. Я думаю, што людзей будзе штораз больш. Шмат маладых людзей. Людзі не абыякавы да гэтага дэкрэта. Трэба больш пра гэта гаварыць.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Арганізатары стварылі рэзалюцыю з заклікам не толькі адмяніць Дэкрэт №3, але таксама скасаваць кантрактную сістэму, знізіць пенсійны ўзрост, скасаваць дарожны збор і нават перайсці да парламецкай формы кіравання.

* * *

Акцыі фактычна не маюць арганізатараў, заяўкі на правядзенне мітынгаў у гарвыканкамы не падаваліся. Заклікі прыняць удзел у «маршах недармаедаў» у асноўным распаўсюджваюцца праз сацыяльныя сеткі.

Мітынг у Берасці скончыўся. Пратэстоўцы прынялі рашэнне сабрацца зноў праз тыдзень — 5 сакавіка.

«Маршы недармаедаў» у Баранавічах і Бабруйску таксама завершыліся.

Удзельнікі «маршу недармаедаў» зноў збіраюцца выйсці на мітынг у Бабруйску 12 сакавіка.

Акцыя ў Віцебску паступова завяршаецца, некаторыя пачынаюць разыходзіцца, іншыя яшчэ дыскутуюць. Людзі скандавалі «Жыве Беларусь», «Лукашэнка сыходзь», «Не – дэкрэту №3».

Наступная акцыя ў Віцебску запланавана на 25 сакавіка.

* * * 

У Віцебску на плошчы Перамогі сабралася каля 2 тысяч чалавек. На гэтай жа плошчы пачынаецца арганізаванае ўладамі святкаванне Масленіцы. Таму, каб не перашкаджаць мерапрыемству, пратэстоўцы перайшлі на супрацьлеглы бок плошчы, дзе зараз адбываецца мітынг.

У Баранавічах таксама адбываецца мітынг. На месцы знаходзіцца наша карэспандэнтка:

Сабралася больш за 300 чалавек. Людзі рознага ўзросту прыйшлі, выказваюцца актыўна, не баяцца гаварыць. Зараз выступае жанчына, якая прыехала з Бярозы. У яе ўлада забрала і дом, і зямлю. І вось яна з сям’ёй прыехала сюды падтрымаць акцыю, бо ў Бярозе пакуль нічога не адбываецца. Міліцыянты ўсё здымаюць, але нікому не замінаюць. Людзі настроены вельмі рашуча, яны вельмі злыя. Вядуць сход бацька і сын Чарнавусы. Яны зачыталі рэзалюцыю. Гаварылі не толькі пра Дэкрэт №3, але і пра дарожны падатак, пра тое, як усе гэтыя дэкрэты абмяжоўваюць свабоду беларусаў. Выказваліся за тое, каб была парламенцкая рэспубліка, каб сышоў Лукашэнка са сваёй пасады.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Як паведамляе „Свабода”, акцыя ў Бабруйску ўжо скончылася. Па падліках назіральнікаў было каля 1500 бабруйчан.

Да прысутных з прамовай звярнуўся сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, які адмыслова прыехаў на акцыю з Менска. Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю з патрабаваннем вызваліць жыхароў Бабруйску ад «падатку на дармаедаў», адмяніць Дэкрэт №3 па ўсё краіне і не размяшчаць расейскіх ваенных баз у Беларусі. Удзельнікі акцыі зноў збіраюцца выйсці на мітынг у Бабруйску 12 сакавіка.

Фота: twitter.com/viasna96

Акцыя праходзіць і ў Берасці, дзе таксама працуе наша карэспандэнтка:

– У Берасці на плошчы сабралася некалькі соцень чалавек. Гэта каля 300-400 грамадзян. У цэнтры як выступоўна ёсць Наталля Папкова, Аляксандр Кабанаў. Яны заклікаюць ўлады адмяніць Дэкрэт №3. Супраціву з боку праваахоўных органаў пакуль не назіраецца. Але вельмі шмат ёсць людзей у цывільным, якія здымаюць усё на відэакамеры.

Odtwarzacz plików dźwiękowych

Фота: twitter.com/viasna96

Фота: twitter.com/NatatnikOrg

Акцыі не маюць арганізатараў, заяўкі на іх правядзенне ў гарадскія выканкамы не падаваліся. Заклікі прыняць удзел у «маршах недармаедаў» пераважна пашыраюцца праз сацыяльныя сеткі.

Беларускае Радыё Рацыя