Марыі Калеснікавай працягнулі ўтрыманне пад вартай да 8 студзеня



Марыі Калеснікавай працягнулі заключэнне пад вартай яшчэ на два месяцы, да 8 студзеня, паведамляе прэс-служба штаба экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыка, куды яна ўваходзіла.

4 лістапада абарона Калеснікавай атрымала адмову ў задавальненні хадайніцтва аб змене меры стрымання на выхад пад заклад. Да гэтага адвакаты двойчы безвынікова хадайнічалі аб змене меры стрымання — на дамашні арышт і пад паруку.

Апошнія два тыдні камера, у якой змяшчаецца Калеснікава, знаходзіцца на каранціне па COVID-19. „У Марыі быў узяты аналіз, бо яна з’яўляецца кантактам першага ўзроўню, але інфармацыі пра вынік тэсту ўсё яшчэ няма. Мне толькі паведамляюць, што быццам у яе ўсё добра, яна не заразілася. Але ці знімуць каранцін і калі, невядома”, — паведаміла БелаПАН адвакат Калеснікавай Людміла Казак.

Паводле яе інфармацыі, для Калеснікавай шукаюць дадатковага адваката, таму што адзін з яе абаронцаў, Аляксандр Пыльчанка, у сярэдзіне кастрычніка быў пазбаўлены ліцэнзіі.

Член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне і каардынатар штаба Віктара Бабарыка Марыя Калеснікава знаходзіцца пад вартай з 8 верасня. 16 верасня Следчы камітэт паведаміў, што ёй выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і інтэрнэту). Справа была распачатая раней па факце стварэння КР, сфармаванай з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай. Калеснікавай пагражае пазбаўленне волі ад двух да пяці гадоў.

Беларускія праваабаронцы прызналі Марыю Калеснікаву палітзняволенай.

belapan.by