Марыі Калеснікавай выстаўленае канчатковае абвінавачанне
Марыі Калеснікавай выстаўленае канчатковае абвінавачанне, паведаміла прэс-служба штаба былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі.
Расследаванне крымінальнай справы Калеснікавай завершанае. Яе абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт (ч. 3 арт. 361 КК); змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) і стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім (ч. 1 арт. 361-1 КК).
Калеснікавай пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі была затрыманая 7 верасня 2020 года ў цэнтры Мінска. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў КР Антона Раднянкова і Івана Краўцова гвалтоўна павезлі ва Украіну. Аднак Калеснікаву выправадзіць з Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.
Калеснікава ўтрымліваецца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Беларускія праваабаронцы прызналі яе палітвязнем.
Марыя Калеснікава стала лаўрэатам Міжнароднай жаночай прэміі за храбрасць па выніках 2020 года. Гэту прэмію ў 2007 годзе заснаваў Дзярждэпартамент ЗША.
Фота: Тут.бай