Марына Адамовіч: Беларусы маюць права на спрошчанае атрыманне статусу «палітвязня»



Беларускія ініцыятывы падрыхтавалі публічную заяву, якая мусіць спрыяць таму, каб афіцыйная колькасць палітвязняў у Беларусі больш не адрознівалася ад рэальнай лічбы такіх асобаў. 

Задачу такой заявы абазначыла прадстаўніца ініцыятывы «Вызваленне 2020», жонка Міколы Статкевіча, Марына Адамовіч:

– На сённяшні дзень праваабрончая супольнасць выкарыстоўвае крытэры, якія былі выпрацаваныя ў 2013 годзе, як вынік супрацы праваабаронцаў некалькіх краін так званай СНД. Нікога з ініцыятыў і арганізацый, якія ўзніклі на тле пратэстаў 2020 года, там, у гэтым пераліку, безумоўна няма. Мы не настойваем і не прапануем перагледзець крытэры, мы настойваем на тым, што іх трэба выкарыстоўваць з улікам беспрэцэдэнтнай сітуацыі, якая склалася сёння ў нашай краіне.

«Плюсы» статусу палітзняволенага, які маюць не ўсе адпаведныя зняволеныя, пералічыў прадстаўнік ініцыятывы Dissident.by Вячаслаў Касінераў:

-Людзі напісаць лісты могуць толькі тады, калі ўбачылі вашае прозвішча ў СМІ, у адмысловых праваабарончых сайтах, навінных лентах. Туды вы трапіце толькі тады, калі будзеце прызнаныя палітвязнем. Гэты ліст да вас не дойдзе, ён дойдзе да адміністрацыі. І адміністрацыя разумее, што гэты чалавек сядзіць не адзін – за ім нейкая сіла, пільная ўвага, то бок, прымяняць катавальныя практыкі ўжо не атрымаецца, а калі атрымаецца, то абмежавана. Акрамя гэтага, мяняюцца адносіны не толькі адміністрацыі. Мяняюцца адносіны сукамернікаў, акрамя гэтага  – матэрыяльная дапамога для рэабілітацыі.

Паводле спікераў, у заяве яны заклікаюць разглядаць крымінальныя справы з прымяненнем неабходнай абароны, заведзеныя ў сувязі з выбарамі прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе, як мінімум, палітычна матываванымі, а справы, якія маюць на ўвазе пазбаўленне волі, правяраць з пункту гледжання наяўнасці «палітычных зняволеных».

Тэкст заявы даступны тут: Политзаключённый — мой друг. Бери и дружи уже сейчас! (politzek.me)

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя