Марына Адамовіч: Калі свет пагодзіцца на шантаж рэжыму, сітуацыя будзе працягвацца бясконца



У Гомельскім СІЗА пачаўся суд над палітзняволенымі Мікалаем Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Арцёмам Сакавым, Уладзімірам Цыгановічам і Дзмітрыем Паповым. 

На суд пусцілі толькі дзяржаўныя СМІ, нават сваякам палітзняволеных адмоўлена ў прысутнасці, паколькі працэс зрабілі закрытым, кажа жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч:

– Я лічу, што тут некалькі складнікаў. Найперш, калі суд будзе адкрытым, то стане відавочным, што справы няма, справа цалкам сфальшаваная. Па-другое, усе гэтыя так званыя ўдзельнікі працэсу з боку ўлады баяцца, яны не адчуваюць сябе ўпэўнена, яны разумеюць, у чым яны ўдзельнічаюць, і вельмі не хочуць быць пазнанымі. Я да сённяшняга дня не ведаю, напрыклад, хто ў нас суддзя на гэтым працэсе. Маўчу ўжо пра пракурора і гэтак далей.

РР: Колькі за больш чым год, як Мікалай знаходзіцца ў вязніцы, вам удалося сустрэцца з мужам?

Марына Адамовіч: За год і месяц, практычна, які прайшоў з моманту яго затрымання 31 траўня, я бачыла яго толькі адзін раз тут, у Гомелі, пасля этапавання, гэта было 26 траўня. Гэта было кароткае спатканне праз краты, шкло, з тэлефоннай слухаўкай і цягнулася дзве гадзіны.

РР: Што ўдалося вам даведацца пра тое, у якіх умовах знаходзіцца Мікалай?

Марына Адамовіч: Ён памяняў ужо чацвёртую камеру. Па-ранейшаму знаходзіцца ў адзіночцы. Усе камеры фактычна аднатыповыя. Яны вельмі вузкія і ён лёгка дацягваецца да супрацьлеглых сценак. І ў гэтых камерах няма тэлевізара  і нават адключана радыёкропка. Тэлевізар ад мяне не прынялі, бо сказалі, што СІЗА забяспечаны тэлевізарамі. Зрэшты ў гэтую спёку ў гомельскім СІЗА не прымаюць і вентылятары.

РР: У чым абвінавачваюць Мікалая і колькі яму пагражае?

Марына Адамовіч: Мікалая абвінавачваюць па 1-й частцы арт.293 – гэта „арганізацыя масавых беспарадкаў”. І з улікам таго, што ён мае непагашаную судзімасць, у яго сітуацыя расцэньваецца як асабліва небяспечны рэцыдыў. Што цягне за сабой аўтаматычна санкцыі  не менш чым дзве траціны ад максімальна прадугледжанага артыкулам – гэта значыць, ад 10 да 15 гадоў. Па рэжыме гэта, верагодна, так званы „асаблівы рэжым”.

РР: Ідуць размовы пра амністыю.

Марына Адамовіч: Мяне абсалютна не хвалюе тое, што яны абяцаюць. Калі свет пагодзіцца ізноў на шантаж „нашага” рэжыму, то гэтая сітуацыя будзе працягвацца бясконца. У дадзеным выпадку я чакаю вызвалення не ад тых, хто лічыць сябе ў Беларусі ўладай, я чакаю вызвалення ў выніку дзеянняў міжнароднай супольнасці і беларускага грамадства.

Усе абвінавачаныя знаходзяцца пад арыштам з мая-чэрвеня 2020 года. Ім выстаўлены шэраг крымінальных артыкулаў. У тым ліку – арганізацыя масавых беспарадкаў, распальванне сацыяльнай варожасці і перашкода працы ЦВК. Зробленыя відэа з месца іх затрыманняў сведчаць аб правакацыях з боку ўладаў з мэтай ізаляцыі падсудных перад выбарамі.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя