Марына Адамовіч: Мікалая Статкевіча абмежавалі ў доступе да інфармацыі
Палітвязня Мікалая Статкевіча абмежавалі ў доступе да інфармацыі, – паведаміла яго жонка Марына Адамовіч. Мікалай Статкевіч піша, што ў Шклоўскай калоніі наблыталі з падпіскай на газеты і часопісы.
У выніку з сярэдзіны студзеня і ў лютым ён апынуўся без газет, за выключэннем «Новага Часу», – кажа Марына Адамовіч.
– Яшчэ ў Магілёве яму адмовілі ў падпісцы на студзень, матывуючы гэта тым, што яны не збіраюцца займацца пераадрасацыяй. Калі ён прыехаў у Шклоў, яму скаалі, што падпіска дазволена толькі раз на квартал. Потым яму сказалі, што падпіска “з волі” таксама “не паложана” – і на люты, і таксама яшчэ на сакавік.
«Яшчэ з крыніц інфармацыі ў атрадзе ёсць адзіны тэлевізар, які дазваляецца глядзець раніцай і ўвечары. Праўда, занадта часта забіраць у калегаў магчымасць паглядзець DVD-серыялы ці музыку, каб паслухаць навіны, сумлення не хапае. Бо радасцяў ў іх і так няшмат. Але за асноўнымі падзеямі сачу», – так напісаў Мікола Статкевіч у сваім лісце да бялыніцкага журналіста Барыса Вырвіча, паведамляе Праваабарончы цэнтр „Вясна”.
Мікалай Статкевіч быў узяты пад варту пасля Плошчы ў Мінску 19 снежня 2010 года і асуджаны судом Ленінскага раёна Мінска да шасці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя