Марына Адамовіч: Мікола яшчэ раз нагадвае, што нельга гандляваць закладнікамі (абноўлена)
Мікалаю Статкевічу споўнілася 59 год. Экс-кандыдат на мінулых прэзідэнцкіх выбарах святкуе дзень народзінаў за кратамі. Ён лічыць сваё датэрміновае вызваленне малаверагодным. Пра гэта Радыё Рацыя распавяла жонка палітвязня Марына Адамовіч.
– Ён прасіў нагадаць сваю пазіцыю, тую, якую ён выказаў у сваім апошнім слове ў судзе, тое, што нельга гандляваць закладнікамі – інакш будуць новыя закладнікі, і прасіў нагадаць Еўрапейскаму звязу, што яны яшчэ ў 11-ым годзе прынялі супольнае рашэнне аб умовах нармалізацыі адносін з нашай краінай і прасіў яго прытрымлівацца. Што тычыцца яго мяркуемага вызвалення, то ён не лічыць гэта верагодным, спектакль занадта доўга разыгрываецца і рызыкаваць, каб яго сапрасаваць, улады на сённяшні дзень наўрад ці пойдуць.
Марына Адамовіч мяркуе, што ўлады робяць усё, каб пацягнуць час і прымусіць Еўразвяз гуляць па сваіх правілах. Тым часам, Мікалай Статкевіч па-ранейшаму знаходзіцца ў адзіночнай камеры. Яму дазваляецца адно тэлефанаванне ў месяц і адна сустрэча з жонкай ў год.
* * *
Галоўнаму палітвязьню Беларусі споўнілася 59 год. Свой дзень народзінаў Мікалай Статкевіч адзначае ў адзіночнай камэры ў турме №4 горада Магілева. Тым часам, ініцыятыўная група па вылучэнні Статкевіча ў прэзідэнты не прыпыняе сваёй дзейнасьці. Нягледзячы на тое, што яна не была зарэгістраваная ЦВК. Падрабязнасці распавядае жонка палітвязьня Марына Адамовіч.
– Нашы сябры прымаюць удзел у пікетах і збору подпісаў за дэмакратычных кандыдатаў. Перыядычна вы мусіце бачыць адпаведныя налепкі, якія з’яўляюцца ў гэтым горадзе. Вы можаце бачыць, што сябры ініцыятыўнай групы выходзяць у цішотках “Свабоду палітвязням”, або “Свабоду Статкевічу”. Ну і надалей у нас ёсць пэўны план таго, што мы будзем рабіць кожны тыдзень гэтай перадвыбарнай кампаніі. Гэтыя выбары сапраўды адбываюцца не толькі ў беспрэцэдэнтных знешніх умовах, але і ў беспрэцэдэнтых унутраных умовах. Я, напрыклад, за гэтыя 21 год не памятаю, каб па нашым ціхім прыватным сектары хадзілі збіраць подпісы за Лукашэнку. Ходзяць мясцовыя настаўнікі, школам усталявалі нормы здачы, так бы мовіць, подпісаў.
На думку Марыны Адамовіч, галоўны урок, які вынесла ўлада з мінулых выбараў, гэта тое, што нават мінімальная надзея кансалідуе людзей. Таму сёлета выбары праходзяць у атмасферы апатыі.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя