Марына Адамовіч: Сваю кампанію мы не спынім пры любым раскладзе (абноўлена)
Марына Адамовіч, жонка палітзняволенага Мікалая Статкевіча, падала ў Цэнтрвыбаркам дакументы для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнню Стакевіча кандыдатам у прэзідэнты на будучых выбарах 11 кастрычніка. Ён быў кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2010 году. Аднак пасля пратэстаў супраць фальсіфікацыі іх вынікаў асуджаны на 6 гадоў зняволення па артыкуле аб масавых беспарадках.
Па словах Марыны Адамовіч, ва ініцыятыўную групу запісалася больш 1700 чалавек. „Упэўненасці, што яна будзе зарэгістравана, няма. Але ўсё ж маю спадзяванні на рэгістрацыю”, – сказала Марына Адамовіч.
– Упэўненасці ў мяне, безумоўна, няма, бо прававое рэчышча, як панятак, – для нас з вамі, якога мы дамагаемся выканання. Будзем спрабаваць выкарыстоўваць усе прававыя механізмы дзеля таго, каб дамагчыся сваіх заяўленых мэтаў. Найперш, мы не перапынім кампанію пры любым раскладзе, і асноўны наш мэсідж, асноўнае нашае пасланне – мы будзем праводзіць кампанію не толькі да 11 кастычніка, але і да вызвалення ўсіх палітзняволеных, як мінімум.
У Цэнтрвыбаркаме Марыне Адамовіч паведамілі, што паседжанне, на якім будуць разгледжаны дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Статкевіча, адбудзецца 20 ліпеня.
* * *
Паэт і грамадска-палітычны дзеяч Уладзімір Някляеў асабіста прыйшоў да Цэнтрвыбаркаму, каб удзельнічаць у падачы спісаў ініцыятыўнай групы па вылучэнню палітзняволенага Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты. Раней Някляеў заклікаў усіх патэнцыйных кандыдатаў ад дэмакратычнай апазіцыі адмовіцца ад удзелу ў выбарах на карысць Статкевіча як адзінага кандыдата. „Чалавек, які ні ў чым не вінаваты, ужо амаль 5 гадоў сядзіць у турме. І такой крок быў бы не толькі маральным, але і рашучым палітычным дзеяннем”, – лічыць Уладзімір Някляеў.
– Такім дзеяннем магло быць зняццё ўсіх кандыдатаў з выбараў, вылучэнне адзіным кандыдатам Статкевіча і дылема перад Лукашэнкам. Што рабіць? Ці вызваляць свайго канкурэнта, палітвязня Статкевіча, ці перамагаць на гэтых выбарах сябе самога? Гэта вельмі складаная сітуацыя, з улікам таго, што яму трэба зараз вырашаць не толькі праблему сяброўства з Расеяй, – як узяць грошы, нафту і газ, але і праблему несяброўства з Расеяй, – як абараніцца ад таго, што пачало пагражаць не толькі персанальна яму, а ўжо ўсёй краіне, – страта нашай дзяржаўнасці і незалежнасці.
„У гэтым выпадку шанцы для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча былі б вышэйшыя. Зараз жа іх мала”, – лічыць Уладзімір Някляеў. „Але магчымая адмова ў рэгістрацыі не спыніць дзейнасць ініцыятыўнай групы. Будзем доўжыць гэтую акцыю, падаваць апеляцыю ў суд. І праз усе выбары, аж да вызвалення палітвязняў і далей, да вызвалення Беларусі ад гэтага рэжыму, будзем дзейнічаць, каб дасягнуць поспехаў”, – заявіў Уладзімір Някляеў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя