Марына Адамовіч: Улада не мяняе сваіх адносін да палітвязняў



Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, размаўляючы з журналістамі па выніках саміту „Усходняга партнёрства” ў Рызе, заявіў, што праблемы палітвязняў не існуе. Так, ёсць людзі, якія знаходзяцца ў турме за здзяйсненне канкрэтных правапарушэнняў. Як могуць трактавацца так званымі палітычнымі вязнямі людзі, якія кідаюць кактэйлі Молатава. На заўвагу аб тым, што змешчаны да гэтага часу ў турме экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч не кідаў кактэйлі Молатава, Макей заявіў, што «гэта асобная гісторыя, ён заклікаў урывацца ў будынак урада пасля прэзідэнцкіх выбараў».

Жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча Марына Адамовіч лічыць, што Макей нічога новага ў справе палітвязняў не паведаміў:

– У мяне ёсць адзін прынцып – я гэтых дзеячаў не каментую. Занадта шмат ім гонару. Ён што-небудзь новае сказаў? Ён паўтарыў два любімыя тэзісы нашай улады: палітзняволенных у нас няма, а іх шлях на волю – няхай пішуць прашэнне. Лукашэнка першы раз, 7 ліпеня 2011 года, выказаў гэтую ідэю. І яны яе мэтанакіравана паўтараюць.

„Прасоўванне Беларусі ў напрамку Еўропы запавольваецца з-за «так званых палітвязняў», – заявіў на саміце „Усходняга партнёрства” Уладзімір Макей. Ён дадаў, што ўсе, хто знаходзяцца ў турме, могуць напісаць прашэнне аб памілаванні.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя