Марына Адамовіч упершыню за год пабачыла мужа – Мікалая Статкевіча



Упершыню за амаль што год Марына Адамовіч змагла патрапіць на спатканне з мужам – палітвязнем Мікалаем Стакевічам. Адбылося гэта 26 траўня і абсалютна нечакана. Палітыка этапавалі з Жодзіна ў Гомель, але пра гэта не было ніякай інфармацыі.

Тады Марына Адамовіч сама паехала ў Гомель, там атрымалася спаткацца. Нам яна патлумачыла, чаму суд мусіць адбыцца менавіта ў гэтым абласным цэнтры.

Паводле Марыны Адамовіч, асобам, якія праходзяць па той жа справе, што і Мікалай Статкевіч – інкрымінуюць дадатковы артыкул, такія справы праходзяць толькі на роўні абласнога суду.

– Інкрымінуюць 130-ы артыкул – гэта “распальванне варожасці”. Аказваецца, што людзі, якія сядзяць за кратамі ўжо год, умудрыліся “распаліць варожасць”. 130-ы артыкул вымагае, каб суд праводзіў не менш чым ровень вобласці, альбо ровень Вярхоўнага суда. Я так разумею, што Вярхоўны суд зараз “вельмі заняты” разглядам справы Віктара Бабарыкі і ягоных калег.  І выбіраюць ужо па прынцыпе максімальнай нязручнасці. Я іншай логікі тут не бачу.

Мікалай Статкевіч за кратамі ўжо амаль год. Яго вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў. 4 траўня стала вядома, што справу шэрагу палітвязняў будзе разглядаць Гомельскі абласны суд. Сярод абвінавачаных — блогер Сяргей Ціханоўскі – былы кіраўнік перадвыбарчага штабу сваёй жонкі Святланы Ціханоўскай, палітык Мікалай Статкевіч, блогеры Ігар Лосік і Ўладзімер Цыгановіч (MozgON), а таксама аператар Ціханоўскага Арцём Сакаў і мадэратар сацсетак «Страна для жизни» Дзмітры Папоў.

Улад Грыгнеўскі, Беларускае Радыё Рацыя