Марына Гарбуз абвясціла галадоўку ў падтрымку Ігара Банцэра і Ігара Лосіка
Супрацоўніца фонду „Краіна для жыцця” Марына Гарбуз абвясціла галадоўку ў падтрымку палітвязняў Ігара Банцэра і Ігара Лосіка, якія трымаюць сухую галадоўку.
Марына Гарбуз зараз знаходзіцца ў Вільні, яна была вымушаная з’ехаць з Беларусі. Яна хвалюецца за жыццё Ігара Банцэра, які можа проста не дажыць да наступнага судовага паседжання, бо галадае ўжо адзінаццатыя суткі:
– Мне шчыра не зразумела, чым кіруюцца тыя, хто сёння узурпаваў уладу ў Беларусі. Чарговым злачынным загадам, адсутнасцю сумлення, праблемамі з псіхікай ці ўсёдазволенасцю? Я не магу дазволіць, каб трое дзяцей Ігара Банцэра і дачка Ігара Лосіка раслі без бацькаў толькі з-за таго, што Беларусь акупавала кучка тэрарыстаў і з-за таго, што ў кагосьці па-ранейшаму хата з краю.
Марына Гарбуз кажа, што пачынае галадоўку, і шчыра просіць палітвязняў Ігара Банцэра і Ігара Лосіка не галадаваць.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: скрыншот з відэа