Марына Золатава падала скаргу ў Генпракуратуру



Марына Золатава застаецца апошняй абвінавачванай па „справе БелТА” – частка другая артыкула 425 Крымінальнага кодэксу (бяздзейнасць службовай асобы).

Яна двойчы падавала хадайніцтва аб спыненні крымінальнана пераследу пасля заканчэння расследавання, але следчыя гэтага не зрабілі. Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі лічыць, што органы адмыслова цягнуць «справу БелТА».

– У гэтым кейсе ёсць шэраг падводных камянёў. Найперш, наперадзе выбары, і тое, што крымінальная справа не спыняецца, знак не столькі Марыне Золатавай, колькі ўсім медыя, што мы будзем пад прыцэлам, пад пільным наглядам усе гэтыя бліжэйшыя гады. Ніхто не будзе нам ніякіх паблажак рабіць, зачыняць крымінальныя справы. Будуць ціснуць, будуць назіраць.

Галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава і яе адвакат падалі скаргі ў Генеральную пракуратуру на паўторную адмову Следчага камітэта ў спыненні крымінальнага пераследу. Cкаргі пададзеныя на імя генеральнага пракурора Аляксандра Канюка. Золатава просіць адмяніць рашэнне следчага і задаволіць яе хадайніцтва спыніць вытворчасць па крымінальнай справе, ужыўшы меры адміністрацыйнага спагнання. Па такой працэдуры раней Следчы камітэт вызваліў ад крымінальнай адказнасці іншых фігурантаў «справы Белта».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя