Марыя Калеснікава прапанавала рабочым далучыцца да каардынацыйнага савета
Перад рабочымі, прысутнымі ля прахадной Менскага завода колавых цягачоў (МЗКЦ), выступіла Марыя Калеснікава — паплечніца кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай і каардынатар штаба прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі.
Яна прапанавала ім далучацца да працы каардынацыйнага савета для забеспячэння трансферу ўлады, які ствараецца па ініцыятыве кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, — па адным прадстаўніку ад кожнага прадпрыемства.
Калеснікава падзякавала ўдзельнікам страйку. „На вас трымаецца эканоміка краіны. Ва ўсім свеце працоўнымі ганарацца. У сучаснай новай Беларусі мы таксама будзем ганарыцца. Дзякуй за вашу салідарнасць, за тое, што вы не баіцеся, за тое, што вы патрабуеце да сябе чалавечага стаўлення. Мы — не народзец, мы — народ!” — сказала яна.
Калеснікава заклікала працоўных працягваць негвалтоўны супраціў, патрабаваць свабоды ўсім затрыманым і палітвязням, а таксама „адстаўкі былога прэзідэнта”. „Мы не будзем спыняцца, мы будзем дзяўбці, дзяўбці і дзяўбці гэтую ўладу штодзень”, — сказала яна.
Шматтысячная калона рабочых МТЗ, МАЗа, электратэхнічнага завода і простых грамадзян стаіць каля прахадной МЗКЦ і скандуе „Адпускай!” і „Сыходзь!”. Яны спадзяваліся на сустрэчу з Лукашэнкам, але той да іх не выйшаў. Тым часам рабочых МЗКЦ не выпускаюць з цэхаў.
Лукашэнка сустракаецца з групай працаўнікоў завода ўнутры прадпрыемства. „Я ведаю, нягледзячы на тое, што некаторыя бадзяюцца, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Ну, 150 на нейкім прадпрыемстве, нават 200 (чалавек. — заўв.) надвор’я не робяць, па-першае. Па-другое, трэба разумець, што „дрэнны” прэзідэнт трымаў лішнюю колькасць, каб людзей не выкідалі на вуліцу. Зыходзіць трэба з гэтага. Хто хоча працаваць, няхай працуе. Не хочуць працаваць, што ж, мы іх не прымусім”.
belapan.by