Марыя Калеснікава ўганараваная польскай прэміяй „Дух Яна Карскага”
У Варшаве 22 чэрвеня члена прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі (КР), каардынатара штаба прэтэндэнта ў прэзідэнты на леташніх выбарах Віктара Бабарыкі Марыю Калеснікаву ўзнагародзілі прэміяй „Дух Яна Карскага” за абарону правоў чалавека, паведамляе прэс-служба КР.
„Калеснікава — адна з герояў вялікай мірнай барацьбы за свабоду ў Беларусі. Цяжка ўявіць больш вартага ўладальніка гэтай узнагароды, — адзначыў на цырымоніі брытанскі гісторык, заснавальнік адукацыйнага фонду імя Карскага Цімаці Гартан-Эш. — Мы вырашылі прызнаць стойкі супраціў Калеснікавай і яе смеласць патрабаваць грамадзянскіх правоў для актывістаў, якіх пераследуюць”.
Прэмія ўручаная сястры лаўрэата Таццяне Хоміч. Паводле яе слоў, да Калеснікавай цяпер дрэнна даходзяць лісты. „Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Уявіце, што ў Беларусі больш за 500 такіх гісторый, — сказала яна. — Нават пасля дзевяці месяцаў за кратамі Марыя не перастае быць сабой. Марыя — музыкант. У турме няма музыкі, і гэта рэальнае катаванне для яе. Яна ўяўляе музыку ў сваім сэрцы. Марыя — палітык. Яна працягвае натхняць беларусаў сваім цвёрдым перакананнем, што рана ці позна яны даб’юцца перамен”.
Прэмія ў гонар Яна Карскага, удзельніка польскага руху Супраціву ў гады Другой сусветнай вайны, уручаецца за асаблівыя заслугі ў сферы абароны правоў і годнасці чалавека, барацьбы супраць расізму, абароны этнічных і рэлігійных груп.