Марыя Калеснікава выкрадзена ў цэнтры Менска невядомымі (абноўлена)
Па словах прэсавага сакратара былога штабу Віктара Бабарыкі Глеба Германчука, затрыманне сябра прэзідыюму Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай нават і затрыманнем назваць нельга – гэта дэманстратыўнае выкраданне невядомымі. Аднак момант выкрадання, не выключана, удалося зняць на відэа:
– Сказаць, што гэта затрыманне, нельга, таму што Марыю, як нам паведамляюць, можна сказаць, выкралі невядомыя людзі. Таму гэта можна тлумачыць як выкраданне. Зразумела, юрысты, якія зараз займаюцца яе пошукам, робяць запыты ў МУС, Следчы камітэт, КДБ. І пакуль ніхто пацвердзіць не змог, дзе яна зараз знаходзіцца, таму зараз мы ў пошуку. Дзе яна зараз знаходзіцца, невядома. З ёй сёння раніцай звязваліся Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў, які зараз таксама не выходзіць на сувязь. Гэта было прыкладна ў 10 раніцы. Зараз з’явілася меркаванае відэа з меркаваным выкраданнем, дзе на камеры напісана прыкладана 10.03.
Варыянтаў, што будзе з Марыяй Калеснікавай, ёсць шмат, улічваючы, як дзейнічала ўлада ў апошнія месяцы. Але пакуль бессэнсоўна думаць аб нейкіх версіях, зараз галоўнае знайсці Марыю Калеснікаву, чым мы і займаемся, – кажа Глеб Германчук.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
* * *
У Камітэт дзяржбяспекі і Следчы камітэт пададзеныя апавяшчэнні аб прыняцці абароны Марыі Калеснікавай, паведаміў БелаПАН адзін з яе адвакатаў Ілья Салей.
Таксама ён адзначыў, што навін пра члена прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі (КР) усё яшчэ няма. „Ні з аднаго следчага органа інфармацыі пра месцазнаходжанне Марыі пакуль не паступала”, — сказаў Салей.
Раніцай 7 верасня Калеснікава была затрыманая невядомымі ў цэнтры Менска і вывезеная ў невядомым кірунку.
Напярэдадні быў затрыманы член Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў — вядомы палітолаг, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі. Гэта адбылося днём у раёне сталічнай вуліцы Чабатарова, дзе масава затрымлівалі дэманстрантаў, якія арганізавана ішлі ў цэнтр горада для ўдзелу ў акцыі „Марш адзінства”. Інфармацыі пра месцазнаходжанне Ягорава дагэтуль няма, адзначаюць у КР.
У панядзелак вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заявіў, што „адвольныя арышты і выкраданні людзей па палітычных матывах у Беларусі недапушчальныя”. „Дзяржаўныя органы павінны спыніць запалохваць грамадзян і парушаць уласныя законы і міжнародныя абавязацельствы”, — падкрэсліў ён.
У сваю чаргу кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус напісаў у „Твітэры”: „Замест таго каб весці дыялог з народам Беларусі, кіраўніцтва, якое сыходзіць, цынічна спрабуе ліквідаваць аднаго за адным. Выкраданне Марыі Калеснікавай у цэнтры Мінска — гэта ганьба. Сталінскія метады НКУС прымяняюцца ў Еўропе XXI стагоддзя. Яна павінна быць неадкладна вызваленая”.
* * *
Члена Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву раніцай 7 верасня каля Нацыянальнага мастацкага музея невядомыя людзі пасадзілі ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і павезлі ў невядомым кірунку. Пра гэта TUT.BY распавяла чытачка Анастасія, на вачах якой усё і адбылося.
Па словах Анастасіі, адбылося ўсё каля 10.05 ля Нацыянальнага мастацкага музея. Анастасія ішла ад праспекта Незалежнасці ў бок музея, пачула стук абцасаў, павярнулася і ўбачыла Марыю Калеснікаву.
— Я яе бачыла ўжывую да гэтага, таму пазнала. Я яшчэ хацела падысці да яе, пагаварыць, падзякаваць, а потым перадумала, вырашыла, што чалавек і так стамляецца. Я прайшла наперад, і ў нейкі момант яшчэ падумала, што пакажу Машы сэрцайка. Недалёка ад музея я бачыла прыпаркаваны цёмны мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» на борце і ззаду была марка «Собаль». Я прайшла наперад і пачула гук тэлефона, які падае на асфальт, нейкі тупат, павярнулася і ўбачыла, што людзі ў цывільным адзенні і ў масках запіхваюць Марыю ў гэты мікрааўтобус, у яе адлятае тэлефон, адзін з гэтых людзей тэлефон падымае, заскоквае ў мікрааўтобус, і яны з’язджаюць, — распавядае Наста.
Зняць на тэлефон дзяўчына не наважылася, бо была занадта блізка да невядомых людзей у масках і пабаялася, што яе таксама затрымаюць.
Тэлефон Калеснікавай даступны, але яна не здымае.
Прэс-сакратар Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў у 10.13 сказаў TUT.BY, што Марыя адна была ў цэнтры горада па справах. Пра яе знікненні Раднянкоў даведаўся ад TUT.BY і стаў высвятляць, дзе знаходзіцца Марыя. У 11 гадзін тэлефон Раднянкова стаў недаступны.
— Дзе знаходзяцца Марыя і Антон я не ведаю і не магу звязацца з імі, — сказаў TUT.BY член Каардынацыйнай рады Максім Знак.