Калеснікава – падазраваная па крымінальнай справе аб «захопе ўлады» (абноўлена)
Адвакатка Марыі Калеснікавай Людміла Казак 9 верасня сустрэлася са сваёй падабароннай у СІЗА і паведаміла некаторыя падрабязнасці. Іх прыводзіць афіцыйны тэлеграм-канал штаба прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі.
Паведамляецца, што „Марыя адчувае сябе добра і бадзёра, нягледзячы на перажыты стрэс за апошнія двое сутак”. У камеры ў яе шэсць суседак.
„У СІЗА Марыі аказвалі дапамогу: у яе падымаўся ціск і турбуе сэрца. На целе ёсць выцятыя месцы, пабольваюць рукі, таму што яе сілай запіхвалі ў машыну і ўтрымлівалі. Адвакат мае намер звяртацца да следчага з заявай аб правядзенні судова-медыцынскай экспертызы”, — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што 7 верасня пасля затрымання каля Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску Калеснікаву даставілі ў ГУБАЗіК, дзе яна правяла амаль паўдня. Затым прывезлі ў КДБ, дзе да позняга вечара ад яе патрабавалі пагадзіцца добраахвотна пакінуць Беларусь. Пасля таго як яна адмовілася, яе гвалтоўна вывезлі на беларуска-ўкраінскую мяжу.
Людміла Казак звяртае ўвагу, што дакументаў аб затрыманні ў Марыі Калеснікавай на руках няма ніякіх. Ёй уручылі толькі пастанову аб абранні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, санкцыянаваную Генпракуратурай 8 верасня, у якой не пазначана, кім, калі, дзе яна была затрыманая. У сувязі з чым незразумела, з якога часу вылічаць 10-дзённы тэрмін, устаноўлены для выстаўлення абвінавачання ў дачыненні да падазраванага, заключанага пад варту.
„Марыя Калеснікава расцэньвае падзеі апошніх дзён як выкраданне — сур’ёзнае крымінальнае злачынства — і разам з адвакатам мае намер складаць звароты, каб былі ўсталяваныя ўсе вінаватыя ў яе выкраданні і гвалтоўным вывазе на мяжу. Усё, што расказала Марыя адвакату, пацвярджае гісторыю Івана Краўцова і Антона Раднянкова, якіх прымушалі вывезці Марыю ва Украіну, — падкрэсліваецца ў паведамленні. — Марыя таксама сутыкнулася з пагрозамі фізічнай расправы, якія, знаходзячыся ў будынку ГУБАЗіК, успрымаць акрамя як рэальныя не магла. Па фактах пагроз пазбаўлення жыцця Марыя таксама мае намер падаваць заявы”.
Казак чакае, што раніцай 10 верасня адбудзецца допыт з удзелам Калеснікавай, якая знаходзіцца ў статусе падазраванай па справе, распачатай на падставе ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса.
Увечары 9 верасня Аляксандр Калеснікаў змог перадаць дачцэ неабходныя рэчы.
* * *
Марыя Калеснікава знаходзіцца ў статусе падазраванай па крымінальнай справе, заведзенай па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь»).
Пра гэта Tut.by распавяла адвакатка затрыманай Людміла Казак. Абаронца змагла сустрэцца з Марыяй Калеснікавай у СІЗА № 1, дзе тая цяпер знаходзіцца.
Учора Марыю Калеснікаву спрабавалі вывезці з краіны. Яна парвала свой пашпарт і адмовілася пакідаць Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: tut.by
***
Марыя Калеснікава арыштаваная і знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага, паведаміў TUT.BY бацька Марыі Аляксандр Калеснікаў.
„Кіраўнік следчай групы галоўнага следчага ўпраўлення СК Васілюк патэлефанаваў мне і паведаміў, што яна арыштаваная. Прапанаваў прывезці перадачу, — сказаў Калеснікаў.