Марыя Пшэломец: Еўрапейская палітыка па Беларусі не мае агульнага плану
Еўрапейская палітыка па Беларусі кароткатэрміновая. Кажа палітычны аналітык, польская тэле-журналістка Марыя Пшэломец. Тут няма плану на перспектыву, падкрэслівае яна. І ніхто не пралічвае доўгатэрміновыя негатыўныя наступствы ад аўтарытарнага рэжыму ў цэнтры Еўропы. Больш таго, спікерамі выступаюць суседзі, краіны Балтыі і Польшча, а іх не слухаюць найбольш уплывовыя еўрапейскія краіны. Варта было б распрацаваць скаардынаваны агульны план дапамогі, якога зараз няма. А што яшчэ можа Захад, кажа Марыя Пшэломец:
– Моцна дзейнічаюць санкцыі. Але частка беларускай апазіцыі супраць санкцый, бо лічыць, што яны б’юць на саміх беларусах. Маўляў, трэба націскаць на Пуціна. А як націскаць? Калі маем «Паўночны паток». Тут вялікая роля тых краін, якія маюць досыць слабы голас у Еўрапейскім звязе. Кажу пра краіны Балтыі, пра Польшчу, перадусім пра тыя краіны, якія, па-першае, маюць агульную мяжу з Беларуссю, а па-другое, маюць вопыт жыцця пры камуністычным ладзе.
Еўропа па-ранейшаму не мае плану для Беларусі і не думае на перспектыву, кажа аналітык Марыя Пшэломец, у той час, як у беларускай палітыцы пашыраецца і дамінуе ўплыў Расеі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя