Марыя Пшэломец: Еўропа ўжо не спадзяецца, што Лукашэнка можа змяніцца



„Еўропа мае праблему з Лукашэнкам, і гэтай праблеме ўжо многа гадоў“, – кажа польская журналістка, спецыялістка ў тэме краін з-за ўсходняй мяжы Польшчы, Марыя Пшэломец. Яна прыгадвае, што ў Еўропе ў свой час ужо мелі надзеі, што афіцыйны Менск змяняе свой курс, аднак пасля гэтага зноў пачыналіся рэпрэсіі:

– Еўропа ўжо не вельмі разлічвае на тое, што Аляксандр Лукашэнка можа змяніцца і дазволіць дэмакратычныя свабоды. Аляксандр Лукашэнка робіць усё, каб утрымацца пры ўладзе. І адначасова паволі аддае гаспадарчую Беларусь Расеі, бо яму патрэбныя грошы для таго, каб утрымацца ва ўладзе. І каб гэтую уладу ўзмоцніць і кантраляваць Беларусь.

Марыя Пшэломец кажа, што надзвычай рада, што на свабоду выйшаў лідар праваабарончага руху Беларусь Алесь Бяляцкі. У той жа час за кратамі застаюцца яшчэ сем чалавек, якія з’яляюцца палітычнымі вязнямі рэжыму, між іншым экс-кандыдаты ў прэзідэнты Мікола Статкевіч.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя