Марыю Калеснікаву перавялі ў турму Жодзіна



Марыю Калеснікаву перавялі з менскага СІЗА № 1 у турму ў Жодзіне, паведаміла са спасылкай на яе адваката Людмілу Казак прэс-служба штаба экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі.

Член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне і каардынатар штаба Бабарыкі Марыя Калеснікава была выкрадзеная раніцай 7 верасня ў цэнтры Менска невядомымі ў масках. Праз некалькі гадзін знікла сувязь з прадстаўнікамі рады Антонам Раднянковым і Іванам Краўцовым. На наступны дзень стала вядома, што ўсіх траіх гвалтоўна вывезлі ва Украіну, аднак Калеснікаву выправадзіць з Беларусі не ўдалося, бо на мяжы яна парвала свой пашпарт.

9 верасня высветлілася, што Калеснікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску ў статусе падазраванай.У гэты ж дзень у сталіцы былі затрыманыя член прэзідыума КР Максім Знак і юрыст штаба Бабарыкі Ілдя Салей. Справа аб закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, была распачатая па факце стварэння Каардынацыйнай рады, сфармаванай з ініцыятывы былога кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Калеснікаву, Знака і Салея палітычнымі зняволенымі.

Беларускае Радыё Рацыя