Марыю Калеснікаву перавялі з Жодзіна ў менскі СІЗА на Валадарскага



 Каардынатарку перадвыбарнага штаба прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыкі, члена прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне Марыю Калеснікаву перавялі з жодзінскай турмы ў менскі следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага, паведаміла БелаПАН адвакат Людміла Казак.

Паводле яе слоў, Марыю этапавалі ў Менск 8 студзеня на цягніку. „Абудзілі каля дзвюх гадзін ночы, паказалі пастанову на перавод і сказалі збіраць рэчы. Як адзначае сама Маша, гэта была рамантычная паездка на начным цягніку”, — адзначыла адвакат.

Казак наведвала сваю падабаронную ў СІЗА ў Менску 11 студзеня. „Са здароўем і з настроем у яе ўсё ў парадку. Няма пакуль такога фактару, які мог бы яе актыўнасць і бадзёрасць паменшыць. Адчувае сябе па-ранейшаму поўнай сіл, заняпаду ніякага не назіраецца”, — адзначыла адвакат.

На пытанне, з чым звязаны перавод Калеснікавай у Менск, Казак адказаць не змагла. „Да суда нам дакладна яшчэ вельмі далёка. Не вядома, калі канец следства. Таму справа дакладна не ў гэтым. Марыі прычыну пераводу таксама не назвалі. Спадзяюся заўтра даведацца ў следчага — запланаваныя следчыя дзеянні”, — распавяла яна.

Марыя Калеснікава была затрыманая 7 верасня ў цэнтры Менска. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова і Івана Краўцова гвалтоўна вывезлі ва Украіну. Аднак Калеснікаву выправадзіць з Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.

У верасні ёй было выстаўленае абвінавачванне „ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт”, а ў снежні — яшчэ адно, за „стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо кіраўніцтва такім фармаваннем” (маецца на ўвазе Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу).

Калеснікава з верасня ўтрымлівалася ў турме Жодзіна. 6 студзеня стала вядома, што ёй працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 8 сакавіка.

10 студзеня Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю журналістцы тэлеканала „Россия-1” Наілі Аскер-задэ заявіў, што „паняцця не мае”, калі будуць судзіць Марыю Калеснікаву. „Калеснікава — гэта хто? А, гэта хто за мяжу з гэтымі хлопцамі спрабавала выехаць, ды не выехала? Паняцця не маю, следства ідзе, я нават не займаюся гэтым. Я шчыра не ведаю”, — сказаў Лукашэнка.

belapan.by