Марыюш Машкевіч: Веру ў адраджэнне Беларусі
“Каб Беларусь стала дэмакратычнай, намаганні павінны зрабіць самі беларусы, ніхто за іх гэтага не зробіць. Мы можам дапамагчы толькі пэўнымі прыкладамі і салідарнасцю”, – адзначае былы амбасадар Рэспублікі Польшча ў Менску Марыюш Машкевіч.
РР: Вы былі доўгі час звязаныя з Беларуссю, жылі там, і, пэўна, сочыце за падзеямі, якія там адбываюцца. Які ваш сённяшні погляд на гэтыя падзеі і іх развіццё, ці гэта нейкая “безнадзейнасць”, ці маеце пэўны аптымізм?
Марыюш Машкевіч: Мой досвед адносна палітычнага жыцця ў краінах, якім не хапае свабоды, ёсць польскі, 80-х гадоў, калі казалі, што Салідарнасці ўжо няма, улёткі зрабіліся малымі як паштовыя маркі, што ўплыў лідараў Салідарнасці зыйшоў у нікуды, а Ярузэльскі будзе будаваць новую канструктыўную апазіцыю. І ўсе былі неаптымістычныя, што нічога добрага не будзе. Але праз два гады пачалася новая эпоха палітычнай актыўнасці. Польскі народ паказаў, што прывязаны да каштоўнасцяў, якія для яго самыя важныя. Механіка і логіка супольнай гісторыі – яна заўсёды падобная, тым больш у нашай частцы Еўропы, у нашым рэгіянальным кантэксце. Я не хачу сказаць, што гэта не будзе адбывацца па-свойму, па-беларуску, гэта будзе адбывацца ў тым напрамку, які для беларусаў найбольш выгадны. Адродзіцца і беларуская мова, і культура, і будзе незалежная дзяржава. Я спадзяюся, што гэта будзе хутчэй, чым мы думаем.
РР: Адзін мой сябар жартуе, што галоўнае, каб пры нашым жыцці…
Марыюш Машкевіч: Так, і ў Польшчы так думалі ў 80-ыя гады, што мы не дачакаемся канца Савецкага Саюзу, што нашы дзеці ды ўнукі яшчэ будуць так жыць. Але дачакаліся. Хоць, канешне, нашая Польшча такая, якой многія цяпер незадаволеныя, ёсць шмат праблемаў, многія кажуць пра недахоп дэмакратыі. Мы ў працэсе навучання, мы вучымся гэтай дэмакратыі. І таксама будзе з Беларуссю, у якую, я веру, прыйдзе сапраўднае адраджэнне. Галоўнае, каб захаваліся інтэлектуальныя рэсурсы ды інстытуцыянальная памяць. Каб людзі памяталі пра тых, якія арганізоўвалі грамадскае жыццё ў Беларусі. Гэта будзе, адраджэнне выйдзе, як трава з-пад асфальту.
РР: Цяпер часта ідуць дыскусіі наконт таго, ці беларусы павінны выключна самі дамагацца зменаў, ці таксама спадзявацца на дапамогу “з захаду”. Ці ёсць тут адно, нейкае правільнае рашэнне?
Марыюш Машкевіч: Ёсць розныя падыходы да гэтага. Некаторыя выхоўваюць дзяцей так, што няхай яны вучацца на сваіх памылках, набіваюць уласныя гузы, тады дзіця будзе больш самастойным, здольным вырашаць свае праблемы. Таксама і тут, мы палякі, я думаю, усіх праблемаў беларусаў, украінцаў не зможам вырашыць. Так, калі ёсць нейкія рэчы, калі мы можам дапамагчы, то так, але гэта не нейкая сістэматычная дапамога палітычна-ідэалагічная, што ідзём і будзем “дзікія народы вучыць чытаць і пісаць”. Гэта не так. Такі каланіяльны патарналістычны падыход ужо ў Польшчы даўно адышоў. Галоўнае, каб самі беларусы заўважылі свой патэнцыял, колькі ў іх магчымасцяў, якая сіла. Канешне, ёсць дапамога і міжнародных арганізацый, але беларусы павінны гэта зрабіць самі. Я гляджу на ўкраінцаў, ніхто ім не дапаможа, акрамя іх самых. Толькі трэба маліцца за іх, каб ім удалося, і дэманстраваць сваю салідарнасць, каб “дадаць духа”.
РР: Калі прыгадваеце пра Беларусь, то што прыгадваеце, калі ўжо з’явіцца магчымасць, то куды хацелі б найперш паехаць?
Марыюш Машкевіч: Я чуў, што цэнтр Менска адбудоўваецца, старыя дамы аднаўляюцца. Хоць і пры Лукашэнку, але вартасць гісторыі ў архітэктуры спрабуюць вяртаць народу. Напэўна, у Будслаў хацеў бы паехаць і ў Жыровіцы, гэта рэлігійныя цэнтры беларускага народу, і праваслаўныя, і каталіцкія. І, канешне, на магілу кардынала Казіміра Свёнтка ў Пінску. Марыюш Машкевіч быў актыўным дзеячом польскай Салідарнасці. У пачатку 90-х гадоў пайшоў на дыпламатычную працу, быў прадстаўніком Польшчы ў Літве, пазней заснаваў першае польскае консульства ў Гародні, быў генеральным консулам і амбасадарам у Менску. У сакавіку 2006 году быў арыштаваны ў Менску ды жорстка збіты міліцыянтамі, пазней асуджаны на 15 сутак арышту за ўдзел у мітынгу апазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя